Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: «Проста страціў надзею, нават адвакатаў пазбавілі»


Журналістка Ірына Халіп 16 студзеня атрымала адразу два лісты ад мужа Андрэя Саньнікава, кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году.

«У адным зь іх проста адна фраза: „абдымаю цябе, можа, хоць гэта яны прапусьцяць“. У другім ён піша: „Проста страціў надзею, нават адвакатаў пазбавілі, цалкам адрэзалі ад вас. Але нават на гэтым ня спыняцца“. Мяне вельмі палохаюць гэтыя словы. Незразумела, на чым яшчэ там „ня спыняцца“ і што зь ім там адбываецца», — заявіла Халіп агенцтву БелаПАН.

Паводле яе слоў, у лісьце Саньнікаў паведамляе, што ня можа складаць казкі для сына, бо асьцерагаецца, што яны таксама ня дойдуць. «Ён таксама напісаў, што адпраўляў маме паштоўку да дня нараджэньня, але трывожыцца, што і паштоўка можа не дайсьці, і просіць мяне павіншаваць маму ад яго імя, — распавяла журналістка. — Дзень нараджэньня ў Алы Ўладзіміраўны быў у суботу. Атрыманы сёньня ліст датаваны 13 студзеня. Ён дайшоў, а адпраўленай загадзя паштоўкі ўсё яшчэ няма».

Не прыйшоў пакуль і адказ на зварот маці Саньнікава ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС з просьбай даць ёй спатканьне з сынам.

«На гэтым тыдні будзем зьвяртацца са скаргай у пракуратуру ў сувязі з тым, што ва ўстаноўлены законам тэрмін [на працягу 15 дзён] адказ на зварот не прыйшоў. Таксама пакуль няма рэакцыі па пазове, які адвакаты падалі ў віцебскі суд на дзеяньні начальніка калёніі, — паведаміла Халіп. — Я разумею, што ўсе гэтыя звароты — нейкае замкнёнае кола, але нічога не рабіць мы таксама не можам. І ўся гэтая перапіска захоўваецца для будучыні, калі, я спадзяюся, будуць пакараныя ўсе тыя, хто парушае закон».

У канцы гэтага тыдня адзін з адвакатаў Саньнікава зноў паедзе ў калёнію «Віцьба-3», каб спрабаваць дамагчыся спатканьня з падабаронным, паведаміла Ірына Халіп.
XS
SM
MD
LG