Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі за ўлёткі, а судзяць за лаянку


Пётар Іваноў
Пётар Іваноў

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пачаўся разбор справы Пятра Іванова, якога затрымалі падчас распаўсюду ўлётак з заклікам да салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам.

Судзьдзя Іна Грабоўская разьбірала справу, распачатую паводле міліцэйскага пратаколу, складзенага на грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі, сябра партыі «Адзіная Расія» і актывіста кампаніі «Гавары праўду» Пятра Іванова 9 студзеня. Прынамсі, у гэты дзень спадар Іваноў даведаўся, што яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы.

Але ў дзень затрыманьня — адбылося гэта яшчэ 6 студзеня — на яго быў складзены зусім іншы дакумэнт. У ім і быў згаданы распаўсюд улётак з заклікам прыйсьці на суд да Сяргея Каваленкі 12 студзеня, удакладняе спадар Іваноў:

«Калі мяне затрымалі, быў складзены першы пратакол, прычым пад дыктоўку супрацоўнікаў КДБ, што заклік „сустрэнемся на судзе“ — вось гэтая фраза ёсьць заклікам да грамадзянскага непадпарадкаваньня. Я тады сказаў, што храм правасудзьдзя ў цывілізаваным грамадзтве — гэта месца, дзе вырашаюцца спрэчкі».
«Сустрэнемся на судзе» — вось гэтая фраза ёсьць заклікам да грамадзянскага непадпарадкаваньня.

На судовым працэсе былы кадравы вайсковец, капітан-лейтэнант марскога флоту Пётар Іваноў распавёў, што 6 студзеня яго затрымалі, ледзьве толькі ён адышоў ад слупа, на якім прымацаваў улётку. Сьведкі-міліцыянты, у адпаведнасьці з пратаколам пра нецэнзурную лаянку, засьведчылі, што спадар Іваноў падчас затрыманьня іх абражаў. Праўда, паказаньні разышліся: адзін міліцыянт цьвердзіў, што Іваноў брыдкасловіў, калі яго папрасілі паказаць пакет з улёткамі, а другі — што затрыманы нецэнзурна выказваўся ўжо ў міліцэйскай машыне.

Тым ня менш у кватэры Пятра Іванова правялі агляд, а па сутнасьці — ператрус. Гэткіх сьледчых дзеяньняў справа пра банальнае хуліганства яўна не вымагала, лічыць актывіст. Адпаведна, у яго ёсьць падставы меркаваць, што затрымалі яго з палітычных матываў.

Судзьдзя Іна Грабоўская мела падставы скасаваць адміністрацыйную справу, бо, па-першае, паказаньні сьведак былі супярэчлівыя. Па-другое, у пратаколе пра хуліганства няма подпісу Пятра Іванова, які мусіў засьведчыць, што затрыманаму патлумачылі ягоныя правы. Спадар Іваноў цьвердзіць, што гэтага і не рабілі.

Аднак судзьдзя вырашыла працягваць справу, запатрабаваўшы дадатковыя дакумэнты, датычныя інцыдэнту. Працяг разгляду прызначаны на 27 студзеня.

Пётар Іваноў, якому з 6 па 9 студзеня давялося правесьці амаль трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня, кажа, што ані не шкадуе пра сваю салідарнасьць зь Сяргеем Каваленкам:

«Я рабіў гэта дзеля ўнутраных перакананьняў, бо лічу, што гэта ганьба для любой дзяржавы і любой улады, калі чалавека судзяць за ягоныя погляды!»

Пакуль група віцебскіх актывістаў была ў судзе над Пятром Івановым, яшчэ некалькі чалавек накіраваліся ў СІЗА, дзе знаходзіцца Сяргей Каваленка, якому сёньня споўнілася 37 гадоў. Пра гэта апавяла Тацяна Севярынец:
Мы даведаліся, калі былі ў СІЗА, што ён ляжыць пад кропельніцай.

«Мы вырашылі яго павіншаваць: адправілі тэлеграмы віншавальныя, дзе напісалі, што ён герой! Пажадалі яму моцы, вытрымкі і каб бярог сябе, бо сёньня ўжо 29-ты дзень галадоўкі. І мы даведаліся, калі былі ў СІЗА, што ён ляжыць пад кропельніцай — што ўводзяць яму нейкія растворы для падтрыманьня… На жаль, кветкі нам перадаць яму не ўдалося, і мы ўручылі белыя і чырвоныя гвазьдзікі матулі Сяргея, Лідзіі Ўладзімераўне.

Сваякі зьняволенага актывіста зьвярнуліся ў сьледчы камітэт, каб Каваленку выпусьцілі з-пад варты пад грашовы заклад. Пытаньне пра гэткую магчымасьць будзе вырашацца цягам 15-ці дзён, калі не адкрыюцца «нейкія дадатковыя акалічнасьці», сказалі жонцы Сяргея Каваленкі.

Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году. Супраць Каваленкі распачалі крымінальную справу, якую сваякі і адвакат актывіста просяць скасаваць на падставе адсутнасьці складу злачынства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG