Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета спаўняецца 75 гадоў вялікага тэрору 1937 году. 16 студзеня беларуская грамадзкасьць, гісторыкі, прадстаўнікі інтэлігенцыі правялі круглы стол на тэму «Палітычныя рэпрэсіі: гісторыя і сучаснасьць», на якім выступілі з ініцыятывай абвясьціць 2012 год Годам памяці ахвяр таталітарных рэпрэсій.

Удзельнікі круглага стала канстатавалі, што ўшанаваньнем памяці ахвяраў рэпрэсій у Беларусі займаецца ў асноўным грамадзкасьць. Дзяржава ад гэтага ўхілілася. Культуроляг Вацлаў Арэшка кажа:

Вацлаў Арэшка

Вацлаў Арэшка

«На жаль, намаганьні грамадзкасьці не заўсёды аказваюцца плённымі. Тым ня менш менавіта грамадзкасьць здолела хаця б часткова абараніць Курапаты, дзякуючы намаганьням грамадзкасьці і простых людзей па ўсёй Беларусі ставіліся помнікі сьціплыя і больш салідныя, ахвярам рэпрэсій. То бок калі б не грамадзтва, калі б ня людзі Беларусі, гэтая памяць наагул была б занядбаная гэтым урадам, гэтай уладай».

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Гісторык Ігар Кузьняцоў дадае:

«Мільёны рэпрэсаваных — няма ніводнага помніка, ня выдадзена ніводнай кнігі, у якую б дзяржава ўклала ня тое што рубель — нават капейку на ўвекавечаньне памяці».

Навукоўцы-гісторыкі на круглым стале доўга абвяргалі афіцыйную статыстыку пра колькасьць рэпрэсаваных. А сын рэпрэсаванага ў 1937 годзе вайскоўца Ўладзімер Анемпадыстаў сказаў коратка пра маштаб рэпрэсій:

Уладзімер Анемпадыстаў

Уладзімер Анемпадыстаў

«Я ўжо 75 гадоў кожны дзень шаную памяць майго бацькі. 29 сьнежня 1937 году яго расстралялі ў Гомелі. Я тады быў у першай клясе. У нашай клясе ў паловы школьнікаў былі арыштаваныя бацькі. Вось такі быў тэрор».

18 студзеня спаўняецца 23 гады, калі ў 1989 годзе была прынятая пастанова Савету Міністраў БССР № 42 «Аб увекавечаньні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты». У пастанове было пяць асноўных пунктаў: абвясьціць конкурс на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах — конкурс быў абвешчаны, але вынікаў дагэтуль ніхто ня ведае; правесьці навуковыя дасьледаваньні і гэтак далей. Гісторык Ігар Кузьняцоў распавёў:

«Зьмянілася шэсьць прэм’ер-міністраў за гэты час. Калі і Кебіч, дый Шушкевіч кажуць, што пры Лукашэнку нічога ня робіцца — выбачайце, пастанова была прынятая ў 1989 годзе. Але і яны за 5 гадоў нічога не пасьпелі зрабіць. З 1995 году па сёньняшні дзень ніводзін навуковец Беларусі ў межах дзяржаўных праектаў не вывучае гэтую тэму».

За апошнія 17 гадоў у Беларусі не абаронена ніводная дысэртацыя на гэтую тэму, у ніводнай дысэртацыі няма нават згадкі, ніводнага радка, кажа Ігар Кузьняцоў. Таму спадзявацца на дзяржаву не выпадае. Дарэчы, з былых савецкіх рэспублік толькі ў Беларусі няма афіцыйна абвешчанага Дня памяці ахвяраў рэпрэсій. Ёсьць такія дні і ва Ўкраіне, і ў Казахстане. У Расеі дзень 30 кастрычніка ўзаконены рашэньнем Вярхоўнага Савету РСФСР. Уладзімер Раманоўскі распавёў пра адказ з КДБ:

«Было сказана нам, што дастаткова Радаўніцы і Дзядоў. Чаму нельга гэта арганізаваць на дзяржаўным узроўні? Таму што, маўляў, гэта патрабуе вялікіх сродкаў».

Вацлаў Нямковіч

Вацлаў Нямковіч

На круглым стале ўдзельнікі выказалі шмат канкрэтных прапановаў наконт таго, якія мерапрыемствы неабходна правесьці сёлета. Вацлаў Нямковіч кажа:

«Асноўная наша задача — выявіць усе месцы масавых рэпрэсій і нанесьці іх на мапу. Гэта самае галоўнае, што мы можам зрабіць для будучага пакаленьня».

Васіль Якавенка

Васіль Якавенка

Пісьменьнік Васіль Якавенка ў Год кнігі прапанаваў зрабіць Кнігу рэпрэсаваных у Беларусі кожнай мясьціны, падобную да кнігі Памяці. І зрабіць агульную кнігу:

«Вось такія кнігі былі б добрай цаглінай у падмурак нашай працы ў гэтым годзе».

Створаны аргкамітэт па правядзеньні Году памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій, у які людзі запісваюцца шляхам самавылучэньня. На сёньня ў склад аргкамітэту запісаліся 8 чалавек, сярод якіх Ігар Кузьняцоў, Вацлаў Арэшка, Ларыса Андросік, Уладзімер Раманоўскі, Вікторыя Чарнаморцава ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG