Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што не паказалі ў фільме пра былога генерала Азаронка


Ігар Азаронак

Ігар Азаронак

Канал «Беларусь-1» паказаў дакумэнтальны фільм пра справу былога камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і супрацьпаветранай абаронай Ігара Азаронка, які месяц таму быў асуджаны паводле абвінавачаньня ў хабары на 9 гадоў зьняволеньня. Ці стрымае прыклад Ігара Азаронка высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і вайскоўцаў, схільных да карупцыі?

У стужку пра Ігара Азаронка, паказаную на БТ, не ўвайшла рэпліка разжалаванага генэрала на адрас судзьдзяў пасьля абвяшчэньня прысуду. «Марыянэткі! Будзьце вы праклятыя!», — уголас заявіў тады Ігар Азаронак. Але гэтыя словы і не маглі трапіць у тэлеэфір, бо журналісты БТ на абвяшчэньне прысуду не прыехалі, хоць прадстаўнікоў мэдыяў у залю ў той дзень пусьцілі. Затое фільм пра Азаронка быў насычаны кадрамі, зьнятымі зусім не журналістамі, а апэратыўнымі супрацоўнікамі. Ці атрымалася пераканаўча?

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі кажа, што ведаў Ігара Азаронка як сумленнага афіцэра і застаецца адносна яго тых жа поглядаў. Што да вынікаў «апэратыўнай распрацоўкі» былога генэрал-маёра Азаронка, паказаных па БТ, Павал Казлоўскі ім ня надта давярае:

«Я не стаяў побач, калі яму давалі. Раней я ведаў яго як сумленнага чалавека, але я ведаю, як у нас могуць „падстаўляць“ чалавека. А астатняе што камэнтаваць? Астатняе — справа сьледзтва, але калі б у нас сьледзтва было сумленнае… І суд калі б быў сумленны… Я быў на судзе над Саньнікавым і бачыў, як яго судзілі, сам выступаў сьведкам на гэтым судзе — і што пасьля гэтага пра нашы суды казаць? Бо выпадкаў сотні, калі на чалавека ні за што навядуць паклёп, каб на ягоным прыкладзе выхоўваць іншых і паказваць, як улада нібыта змагаецца з карупцыяй. А пра тое, што гэтая ж улада дае красьці і трымае за гэта чыноўнікаў на ланцужку, пра гэта яны ня кажуць».

Паводле рашэньня Вярхоўнага суду і матэрыялаў фільму пра Ігара Азаронка, той браў гэтак званыя «адкаты» — пэўны працэнт са зьдзелкі, якую падпарадкаванае яму ведамства заключала з пастаўшчыкамі. Ці зьнікне практыка «адкатаў» пасьля такога жорсткага пакараньня Азаронку? Былы падпалкоўнік вайсковай контравыведкі Валер Костка ня лічыць, што ў Беларусі сапраўды вядзецца барацьба з карупцыянэрамі «на зьнішчэньне». «Мяркую, прыклад Азаронка ня надта моцна паўплывае на паводзіны высокапастаўленых чыноўнікаў. Усе яны лічаць, што паколькі яны побач з самым галоўным, то гэта іх абміне. Але насамрэч у нас непакараны можа быць толькі адзін чалавек», — кажа Валер Костка. Былы контравыведнік дапусьціў, што генэрала Азаронка маглі злавіць на пэўным злачынстве:
Яны лічаць, што паколькі трапілі ў каманду, дык будуць заўсёды ў гэтай камандзе. Але ж у дыктатара няма каманды.

«Ён проста мог ня ведаць гэтых контравыведкавых схемаў, ён жа звычайны вайсковец. Удалося раз, другі… Ня думаю, што гэта быў першы раз, калі ён браў грошы. Карацей, страціў пільнасьць. Палічыў, што калі ён генэрал у гэтай сыстэме, то да яго не прычэпяцца. Яны ўсе гэтак памыляліся: і міністар Лявонаў, і той жа Шэйман, той жа Канаплёў. Яны лічаць, што паколькі трапілі ў каманду, дык будуць заўсёды ў гэтай камандзе. Але ж у дыктатара няма каманды. Сёньня ты патрэбны — ён на цябе абапіраецца, заўтра ня будзеш патрэбны — ён цябе ў турму пасадзіць і яшчэ прыгожа гэта пакажуць грамадзкасьці, які ты вораг народу».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька на пачатку 2011 году быў пад арыштам у ізалятары КДБ «амэрыканка», дзе трымалі падчас сьледзтва і Ігара Азаронка. Пазьней Анатоль Лябедзька станоўча адгукаўся пра Азаронка-вязьня і казаў пра зьвесткі, што Азаронак уваходзіў у лік людзей, якія крытычна ставіліся да вышэйшага кіраўніцтва краіны.

«Схіляюся да таго, што была ўсё ж нейкая інфармацыя пра пэўныя настроі гэтага афіцэра. А ўсё астатняе, калі з такой дакладнасьцю ўсё паказана, зьнята, праслухана, а потым усё дэманструюць, — гэта азначае толькі адно: што была адмысловая распрацоўка. У нас багатая практыка, калі такое робяць, каб уцягнуць у загадзя падрыхтаваную пастку».

Паводле Анатоля Лябедзькі, прыклад Азаронка ня зьменшыць карупцыю, бо яна ў Беларусі мае сыстэмны характар і заснавана на манаполіі дзяржавы ў эканоміцы і палітыцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG