Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнік прадпрыемства «Граніт» Алег Стахаевіч страціў правы кіроўцы і апынуўся пад пагрозай звальненьня ў зьвязку са сваёй актыўнасьцю ў справе стварэньня на прадпрыемстве незалежнай прафсаюзнай суполкі. Ягоныя паплечнікі заяўляюць, што не адмовяцца ад ідэі незалежнага прафсаюзу, не зважаючы на ціск з боку адміністрацыі. Як гэтую сытуацыю ацэньваюць у Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ў асяродку незалежных прафсаюзаў?

Масавы сыход працоўных з прафсаюзаў, якія належаць праўладнай фэдэрацыі (ФПБ) пад кіраўніцтвам кадравага чыноўніка Леаніда Козіка, на Мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» — не адзінкавы выпадак. Падобным чынам разгарнуліся падзеі і на «Сельскім будаўнічым камбінаце» ў Віцебску. У кіраўніцтве фэдэрацыі гэта не камэнтуюць, а прадстаўніца прэсавай службы Вольга Зуёнак паведаміла наступнае:

«Калі ў нас будуць нейкія камэнтары з гэтай нагоды, мы разьмесьцім іх на нашым афіцыйным сайце — калі ласка, глядзіце. Там будуць камэнтары па гэтых пытаньнях, а пакуль іх няма».

У адказ на ініцыятыву стварэньня незалежнага прафсаюзу адміністрацыя «Сельскага будаўнічага камбінату» ў Віцебску распачала ціск на працоўных, якія напісалі заявы пра выхад з ФПБ. У выніку частка людзей адклікалі свае подпісы. Кіраўнік менскай суполкі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Ігар Комлік гэтак пракамэнтаваў сытуацыю:

«Людзі мала давяраюць афіцыйным прафсаюзам і вырашэньне сваіх працоўных і сацыяльных патрэбаў зьвязваюць зь незалежнымі прафсаюзамі. А такія праявы інтарэсаў людзей да незалежных прафсаюзаў палохаюць адміністрацыю. Адміністрацыя баіцца, што калі ў іх на прадпрыемстве ўзьнікне такі прафсаюз, то яны самі страцяць свае працоўныя месцы. Таму гэтак жорстка і душаць ініцыятыву. Але ж людзі пакрысе ўсё ж паварочваюцца ў кірунку незалежных прафсаюзаў».
Адміністрацыя баіцца, што калі ў іх на прадпрыемстве ўзьнікне такі прафсаюз, то яны самі страцяць свае працоўныя месцы.

У выніку сваёй актыўнасьці кіраўнік незалежнай прафсаюзнай суполкі «Граніту» Алег Стахаевіч увогуле апынуўся пад пагрозай звальненьня: у яго адабралі правы кіроўцы, тым часам як ён — кіроўца БелАЗу.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў: «Пэўна, у краіне нейкія перамены ідуць, і гэта такі „званочак“. Людзі ўжо нават страх згубілі. І, канечне ж, гэткім чынам яны шукаюць іншы шлях, як паправіць умовы сваёй працы, заробак, сацыяльнае становішча. Адміністрацыя прадпрыемстваў мала што б рабіла. Гэта робіць „вэртыкаль“ — прымушае адміністрацыі ціснуць на незалежныя прафсаюзы, каб іх не было. Наколькі я ведаю, кіраўнікам прадпрыемстваў было б нават лепш, каб такія прафсаюзы былі, бо тады можна было б хутчэй дамаўляцца ў нейкіх пытаньнях».

Не зважаючы на ціск, працоўныя «Граніту» і «Сельскага будаўнічага камбінату» ня маюць намеру адступацца ад ідэяў стварэньня незалежных прафсаюзаў на сваіх прадпрыемствах. Намеры працоўных камэнтуе старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Міхаіл Кавалькоў:

«Людзі бачаць, што прафсаюзы, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю, ня дбаюць пра інтарэсы працоўных. Яны дбаюць пра інтарэсы наймальнікаў, а калі браць выпадак з Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі — то пра інтарэсы дзейнай улады. Бо ня можа старшыня фэдэрацыі нармальна абараняць інтарэсы працоўных, калі ён займаў пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта ўжо фактычна яшчэ адна галіна ўлады. Ну, а якая рэакцыя можа быць ва ўладаў, калі ім не патрэбныя незалежныя людзі? Яны гэтага баяцца».

Напрыканцы сьнежня некалькі соцень працаўнікоў «Граніту» выйшлі з прафсаюзнай арганізацыі ФПБ і ўвайшлі ў суполку Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Цяпер яны спрабуюць зарэгістраваць сваю арганізацыю ў выканкаме Лунінецкага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG