Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Паўлоўскі: «Мяне проста хочуць запэцкаць»


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

У Магілёве толькі двое муляраў з брыгады акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» не зьмянілі сваёй пазыцыі адносна непадаўжэньня кантракту зь іхнім калегам, актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксеем Паўлоўскім.

Яны працягваюць настойваць: калі кантракт ня будзе падоўжаны з Паўлоўскім, то й яны па сканчэньні сваіх кантрактаў ня будуць іх падаўжаць. Трынаццаць муляраў адракліся ад подпісаў пад калектыўнай заявай у падтрымку Паўлоўскага.

Аляксей Паўлоўскі адзначае, што ўзаеміны зь некаторымі калегамі па брыгадзе пагоршыліся. Паводле актывіста, муляры незадаволеныя тым, што іх заява ў яго падтрымку стала здабыткам галоснасьці — цяпер яны маюць праз гэта непрыемнасьці.

«Хто маўчыць, хто ціха падтрымлівае, а хто ў адкрытую глотку рве. Думаюць, што іх зашчэмяць, хоць яны самі расьпісваліся», — кажа пра атмасфэру ў брыгадзе Аляксей Паўлоўскі.

Заява муляраў.

Заява муляраў.

Напарнік Паўлоўскага, які папрасіў свайго імя не называць, адзначае:

«Наагул нармальныя, спакойныя адносіны. Гутаркі нармальныя, адэкватныя ўва ўсіх з усімі. Я б не сказаў, што нейкае падцісканьне ёсьць. Проста гутаркі праводзіліся, а так асабліва ні на кога ня ціснуць. Ну, зразумела, адміністрацыя сваё бачаньне сытуацыі тлумачыць народу, а народ ужо думае — як сябе паводзіць».

Муляры адмаўляюцца прызнавацца, хто канкрэтна застаўся на пазыцыі падтрымкі Паўлоўскага. Тым часам у сюжэце Беларускага тэлебачаньня, які сёньня зранку анансуецца як спэцыяльны рэпартаж «Асьцярожна, правакацыя», калегі Паўлоўскага падкрэсьліваюць, што яны падпісваліся не за тое, за што хацелі. Дыктары тэлебачаньня задаюцца пытаньнямі:

«Грамадзяне, сьпяшайцеся, стаўце свае подпісы — вось толькі пад якой заявай? Як звычайны муляр змог пераканаць цэлую брыгаду падпісацца на калектыўнае звальненьне?»

Аляксей Паўлоўскі пра сюжэт на дзяржаўным тэлебачаньні даведаўся ад карэспандэнта «Свабоды». Ён заяўляе, што зь ім ніхто з рэпартэраў БТ не сустракаўся й ня браў яго камэнтароў пра сытуацыю, выкліканую калектыўнай заявай муляраў:

«Ніхто нікога не прымушаў. Пісаў ня я. Пісалі людзі й самі подпісы ставілі. Я чакаў, што будзе яшчэ горшая рэакцыя. Наагул добрага нічога не чакаю ад улады й наймальніка. Я ня ўпэўнены, што здолею цяпер уладкавацца ў Магілёве. Яны хочуць любым спосабам ад мяне пазбавіцца і на канец яшчэ абмазаць у брудзе».
Я ня ўпэўнены, што здолею цяпер уладкавацца ў Магілёве.

Актывіст працягвае настойваць, што пацярпеў праз абарону правоў працоўных. Бараніць гэтыя правы ён зьбіраецца й надалей.

«Я ўсё роўна, хоць мяне збудуць з арганізацыі, ці зь іншай якой, да мяне будуць ісьці будаўнікі, каго незаконна звольнілі, каму нечага недаплацілі. Будзем усё гэта ўскрываць. Нікуды ім ад гэтага ня дзецца».

10 студзеня брыгада муляраў склала калектыўную заяву на імя дырэктара «Прамжылбуда» Леаніда Балдэнкі. Пятнаццаць падпісантаў, у прыватнасьці, заяўлялі: «Мы, працаўнікі брыгады Сьпірыдова, у сувязі з тым, што нашаму калегу Аляксею Паўлоўскаму, які бароніць нашы працоўныя правы, што парушае наймальнік, не працягнулі кантракт, на знак салідарнасьці зь ім просім скасаваць кантракт і з намі, а таксама выключыць нас зь сяброў прафсаюзу і спыніць вылічэньне складак».

Першае двое падпісантаў адракліся ад заявы на другі дзень. З астатнімі сам-насам размаўлялі прадстаўнікі адміністрацыі. На працягу чатырох дзён адмовіліся ад подпісаў пад заявай яшчэ адзінаццаць.

XS
SM
MD
LG