Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сумная вестка прыйшла з Чыкага (ЗША). Там на 78-м годзе жыцьця памёр беларускі літаратуразнаўца, журналіст, перакладчык Ванкарэм Нікіфаровіч.

Ён пакінуў гэты сьвет яшчэ тры месяцы таму, але вядома пра тое стала толькі цяпер.

Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і патомных інтэлігентаў. Скончыў філялягічны факультэт БДУ, працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Дзяржвыдавецтва БССР, на тэлебачаньні, памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы ў Тэатры-студыі кінаактора пры Дзяржкіно БССР, кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Аўтар некалькіх сцэнароў дакумэнтальных і тэлевізійных фільмаў, адзін зь якіх быў прысьвечаны творчасьці Рыгора Барадуліна. Народны паэт прыгадвае:

«Сумная вестка як абухом ударыла па мне, таму што Ванкарэм Валяр'янавіч – гэта быў чалавек, які мяне ўводзіў у Менск. Я прыехаў з Ушачы, і ён мяне ўводзіў у менскае жыцьцё, літаратуру. Ён мне памагаў ва ўсім, ва ўсім! І, я думаю, тое, што ён зрабіў для беларускага адраджэньня, застанецца ў памяці наступных пакаленьняў».

Аўтар кніг «Усяму сьвету – свой дар», «Дарогі ў шырокі сьвет», прызнаны сцэнарыст, публіцыст і дасьледчык літаратуры шчодра дзяліўся сваім досьведам з маладымі талентамі. Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў меў гонар атрымаць ад Ванкарэма Нікіфаровіча рэкамэндацыю ў творчы саюз.

«Гэты чалавек быў для мяне досыць блізкі. Ён даваў мне ў свой час рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў. І мяне прыемна дзівіла, як ён мякка, далікатна важдаўся з намі, пачаткоўцамі тады яшчэ ў літаратуры. Мы сустракаліся зь ім як на факультэцкіх прыступках ці ў аўдыторыях, так ён і дамоў нас запрашаў, і гэта было вельмі прыемна. Сьветлая памяць! Шкада, што мы губляем такіх людзей».

Ванкарэм Нікіфаровіч вядомы і сваімі перакладамі. У прыватнасьці, на расейскую перакладаў Васіля Быкава, а на беларускую – баўгарскіх пісьменьнікаў, за што быў узнагароджаны баўгарскім ордэнам Кірылы і Мятода. Распавядае перакладчык Лявон Баршчэўскі:

«Калісьці ў канцы 80-х мне давялося разам зь ім быць на перакладчыцкім сэмінары ў Маскве. Гэта быў ужо час перабудовы, былі вострыя гаворкі пра нацыянальную спадчыну, пра кепскую спадчыну сталінізму ва ўсіх сфэрах духоўнага жыцьця, і мы адчувалі сябе аднадумцамі. Ванкарэм Нікіфаровіч выказваўся ў духу перабудовы ў нашых галовах, у нашых інтэлектах. А апошнія амаль дваццаць гадоў, калі ён жыў у Злучаных Штатах, наколькі я ведаю, ён дапамог пэўнаму ажыўленьню беларускага жыцьця ў Чыкага. Сяды-тады вестачкі ці ягоныя працы даходзілі і да Беларусі».

Спадар Нікіфаровіч зьехаў у ЗША ў 1993 годзе. Там ён працягваў літаратуразнаўчую працу, уклаў зборнік драматургіі беларускай эміграцыі «Урачыстасьць у садзе», які выйшаў у Менску ў 2007-м. Апошнім зь сяброў, хто пабачыўся зь ім за акіянам, стаў кампазытар Сяргей Картэс. Яго ўразіла, як добра Ванкарэм Нікіфаровіч спасьціг культуру новага месца жыхарства.

​«Ён крок за крокам усё распавядаў, што і дзе такое адметнае там было… Вось так жа ён ведаў заўсёды ўсё, і так добра ведаў беларускую культуру. Яго ўсе вельмі цанілі за гэта. Я ведаю, што і Рыгор Барадулін вельмі яго любіў таксама, і пра яго ён пісаў вельмі шмат. Гэта вялікая страта для нас усіх і для беларускай культуры».
XS
SM
MD
LG