Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Уладзімер Жбанаў, аўтар шматлікіх гарадзкіх скульптур Менску


16 студзеня ў 13:00 на 58-ым годзе жыцьця памёр вядомы беларускі скульптар Уладзімер Жбанаў.

Паніхіда адбудзецца ў сераду, у 14.00 у Тэатры беларускай драматургіі на Крапоткіна, 44.

Уладзімір Жбанаў нарадзіўся 26 студзеня 1954 г. у Менску ў сям’і вайскоўца.
У 1973 г. скончыў Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава. У 1979 г. — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленьне скульптуры мастацкага факультэта). Служыў у Аўганістане. Пасьля войска тры гады вучыўся ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР (1983 г.). 1985 — 1999 гг. выкладчык вышэйшай катэгорыі ў Менскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. З 1993 года — сябра Беларускага саюза мастакоў, паведамляе Наша Ніва.

Ён аўтар наступных скульптураў Менску — «Незнаёмка» («Дзяўчына на лаўцы») у Міхайлаўскім сквэр сталіцы, «Курыльшчык» (у Міхайлаўскім сквэр), «Дзяўчынка з парасонам» (тамсама), «Фатограф», «Дама з сабачкам» (абедзьвее — на Камароўскім рынку), «Экіпаж» (каля Ратушы), «Дойлід» (Плошча Незалежнасьці), у Маладзечне на галоўнай плошчы стаіць яго скульптура «Залатая папараць».

Адна з апошніх яго работ «Пакупнікі» пастаўлена каля менскага ЦУМА.

Пісьменьнік Адам Глобус быў знаёмы з Уладзімерам Жбанавым з 1969-га году.

Адам Глобус

Адам Глобус

«Ён для мяне быў заўсёды старэйшым таварышам, і для мяне вельмі важным было гэтае сяброўства. Галоўная якасьць Валодзі была — жыцьцярадаснасьць. Ён быў вельмі артыстычны, наагул хацеў займацца больш кіно, а не скульптурай. Ён нават хацеў паступаць вучыцца на актора, але маці сказала „не“. Ён паслухаў маму і ў выніку стаў выдатным скульптарам.

Уладзімер стварыў шмат вясёлых, жыцьцярадасных скульптураў, якія ў Менску ўсе любілі. Вельмі многія турысты, калі вывозілі нейкую памяць пра Менск, любілі фатаграфавацца побач зь ягонымі скульптурамі — з жанчынай, што сядзіць на лаўцы, ці зь дзяўчынкай з парасонам...»

XS
SM
MD
LG