Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павольная сьмерць аўтарынку


Так бязьлюдна цяпер выглядае гарадзенскі аўтарынак

Так бязьлюдна цяпер выглядае гарадзенскі аўтарынак

На Гарадзенскім аўтамабільным рынку, дзе яшчэ год таму віраваў гандаль і стаялі чэргі з машын, цяпер — зацішша.

Пасьля ўступленьня Беларусі ў Мытны зьвяз і падвышэньня пошлін на аўта, якія ўвозяцца з Эўропы, рынак за апошнія месяцы зьменшыўся ў некалькі разоў. Прадаўцы кажуць: што калі эканамічная сытуацыя ў краіне ня зьменіцца, то, хутчэй за ўсё, рынак увогуле зьнікне.

Яшчэ некалькі месяцаў таму, улетку, на аўтамабільным рынку было цяжка прайсьці і праехаць. Побач з ДАІ людзі суткамі стаялі ў чэргах, каб паставіць на ўлік прывезеную з Эўропы машыну.

Гэта быў сапраўдны ажыятаж. Людзі нават прадавалі свае кватэры, каб купляць за мяжой ужываныя аўта на продаж. А цяпер цішыня паўсюль — і на рынку, і побач з ДАІ.

Калі проста прыкінуць на вока, то колькасьць аўта на рынку зьменшылася сама меней разы ў тры. Дзялюся сваім назіраньнямі з прадаўцом. Той, пасьміхаючыся, адказвае:

Спадар: «Тэндэнцыя такая, што зараз тут наагул нічога ня будзе...»

Карэспандэнт: «А з чым гэта зьвязана?»

Спадар:
«Зь фінансавым становішчам народа».

Другі спадар: «У краіне крызіс. Хоць і кажуць, што яго няма, але ён вельмі сур’ёзна адчуваецца».

Карэспандэнт: «А пакупнікоў таксама стала меней? Ці прыяжджаюць расейцы, казахі?..»

Трэці спадар: «Нашмат меней стала пакупнікоў і з Расеі, і з Казахстану...»

Карэспандэнт: «А цэны на аўта зьмяняюцца?»

Другі спадар: «Народ бяднее, то як могуць цэны расьці? Добра, што хоць застаюцца на тым самым узроўні».

Яшчэ адзін спадар: «Машын мала, і пакупнікоў зусім мала...»

Пэсымістычны настрой і ў іншых прадаўцоў, калі я пытаюся ў іх пра пэрспэктыву аўтарынку.

Спадар: «Будзе горш і толькі горш. Пакуль людзі не пачнуць зарабляць нармальных грошай на працы, будзе толькі горш, горш і горш...»

Карэспандэнт: «А ці прывозяць яшчэ машыны з Эўропы?»

Спадар: «Вельмі-вельмі мала. І толькі тыя, якія прахадныя на Расею. А яны вельмі дарагія, і іх практычна ніхто не купляе, бо ў людзей няма грошай».

У іншых прадаўцоў цікаўлюся, што робяць тыя, хто ўжо страціў працу на аўтарынку і дзе можна ў горадзе ўладкавацца. Адзін спадар кажа, што многія з былых перагоншчыкаў цяпер папросту сядзяць бяз працы, балазе раней нешта зарабілі. Але большасьць, зь яго слоў, перабіваецца выпадковымі заробкамі.

Спадар: «Хто чым займаецца, хто і нічым. Цяжка пра гэта сказаць, наагул нічога не зразумела...»

Яшчэ адзін спадар, грэючыся ў сваім аўта, праз фортку распавядае мне, як шукае працу. Прычым ужо некалькі месяцаў.

Спадар: «Я некалькі разоў хадзіў у бюро па працаўладкаваньні, завёў там картку. Пытаюцца, колькі гадоў, і калі чуюць, што 52, то толькі адмахваюцца — маўляў, зашмат. А я ўсё жыцьцё пракруціў тую баранку. Ну, мне даюць там гэты цэтлік, каб я схадзіў у тое ці іншае месца, але паўсюль адмаўляюць».

Яшчэ некалькі месяцаў таму аўтарынак у Горадні цягнуўся ад гэтага месца на паўкілямэтра

Яшчэ некалькі месяцаў таму аўтарынак у Горадні цягнуўся ад гэтага месца на паўкілямэтра



Машыну перад набыцьцём на Гарадзенскім аўтарынку абавязкова спраўджваюць спэцыялісты

Машыну перад набыцьцём на Гарадзенскім аўтарынку абавязкова спраўджваюць спэцыялісты

XS
SM
MD
LG