Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: Цацкі — за сумленныя выбары


Мітынг цацак "За сумленныя выбары", які прайшоў у Барнауле 14.01.2012

Мітынг цацак "За сумленныя выбары", які прайшоў у Барнауле 14.01.2012

Робаты-трансформэры, рыцары, пэрсанажы казак, фігуркі жывёл і цэлыя гарады з канструктара «Лега» ... Гэтыя дзіцячыя цацкі сталі ўдзельнікамі мітынгу «За сумленныя выбары», які прайшоў у расейскім горадзе Барнауле 14 студзеня.

Гэта ўжо другі мітынг цацак. Першы адбыўся напярэдадні Раства і выклікаў вялікі рэзананс. Нягледзячы на мароз, да месца правядзеньня акцыі прыйшлі новыя ўдзельнікі і прынесьлі свае цацкі. Да цацак былі прымацаваныя плякаты — «Мы за чыстыя выбары», «Прэзыдэнт, ня блытай свае інтарэсы з інтарэсамі народу!», «Адзіная Расея» супраць свайго народу«. «Цярпеньне не гумовае». Побач з цацкамі ў сьнезе стаялі плякаты, на якіх былі прымацаваныя малюнкі Лісы Алісы і Ката Базыліё, вельмі падобныя да Мядзьведзева і Пуціна.

Арганізатары гэтай акцыі кажуць, што мэты мітынгу цацак зусім ня цацачныя, а цалкам сур’ёзныя.

«Мы хочам хоць бы гэтым дамагчыся, каб нас пачулі, дамагчыся адмены паведамляльнага характару мерапрыемстваў, мітынгаў. А ня поўзаць і ўпрошваць — дазвольце нам. Будзе больш народу ўдзельнічаць — большы ціск будзе на ўладу, наш голас супраць фальсыфікацый будзе пачуты. Каб у нас была ў краіне рэальная дэмакратыя і выбарнасьць — сумленная», — кажа студэнтка Вольга Артамонова.

Іншы арганізатар гэтай акцыі — Андрэй Цясьленка — лічыць, што праваахоўныя органы і ўлада ня ў стане адабраць у цацак права выказваць сваё меркаваньне, так, як гэта яны зрабілі з грамадзянамі. Абодва мітынгі ў Барнауле супраць фальсыфікацый на выбарах не былі санкцыянаваныя. Падчас каля 20 чалавек былі затрыманыя. Сам Андрэй паводле рашэньня суду абавязаны выплаціць штраф — за тое, што расклейваў улёткі. Судзьдзя вырашыла, што тэкст улёткі «Мы супраць жулікаў і злодзеяў» асацыюецца з адной з партый. Андрэй абскардзіў гэтае рашэньне суду:

«Ну як можна забраць правы ў цацак? Але якая ў нас палітыка — такі ў нас і мітынг. У нас мікраскапічная свабода слова, мікраскапічныя СМІ, невыразныя нашы кіраўнікі і невыразная апазыцыя. Але другі мітынг сабраў ужо больш людзей. Пра нас даведаліся — гэта добра. Нашыя ідэі становяцца больш папулярнымі», — упэўнены Андрэй Цясьленка.

Як і падчас першага мітынгу цацак, супрацоўнікі паліцыі фатаграфавалі і перапісвалі зьмест плякатаў і лёзунгаў. Аднак ніякіх прэтэнзій да арганізатараў акцыі не выстаўлялі.

Грамадзянскія актывісты Барнаулу маюць намер зрабіць такія акцыі рэгулярнымі і шырэй прапагандаваць ідэі сумленных выбараў сярод людзей.
XS
SM
MD
LG