Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральнікі ад АБСЭ ня лічаць выбары ў Казахстане дэмакратычнымі


Нурсултан Назарбаеў у сядзібе партыі "Нур Атан"

Нурсултан Назарбаеў у сядзібе партыі "Нур Атан"

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе сёньня заявіла, што, нягледзячы на цьверджаньні ўладаў аб намеры ўмацаваць дэмакратычныя працэсы, галасаваньне ў нядзелю "не адпавядала асноўным прынцыпам дэмакратычных выбараў".

Назіральнікі АБСЭ таксама адзначылі, што ўлады не дазволілі ўзяць удзел у выбарах сапраўдным апазыцыйным партыям.

Раней сёньня місія назіральнікаў СНД прызнала парлямэнцкія выбары ў Казахстане, якія прайшлі ў нядзелю, дэмакратычнымі. Аб гэтым заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Астане кіраўнік місіі СНД Уладзімер Гаркун.

Апазыцыя – у прыватнасьці Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя, якая не прайшла ў парлямэнт – заяўляе аб парушэньнях і называе выбары нелегітымнымі.

Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня, абвешчаных сёньня Цэнтрвыбаркамам, у мэжыліс – ніжнюю палату парлямэнту – прайшлі тры партыі: прапрэзыдэнцкая партыя "Нур Атан", якая атрымала 80.7 працэнтаў галасоў, а таксама "Ак жол" і Камуністычная народная партыя, якія набралі адпаведна 7,5 і 7,2 працэнтаў.

Усяго ў выбарах удзельнічалі 7 партый.

Выбары адбыліся ўсяго празь месяц пасьля сутыкненьняў паміж рабочымі-нафтавікамі і паліцыяй на захадзе Казахстану, у якіх загінулі людзі.
XS
SM
MD
LG