Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі Тыдзень памяці Яна Палаха


Кветкі на месцы самаспаленьня
Кветкі на месцы самаспаленьня
У Чэхіі пачаўся «Тыдзень памяці Яна Палаха» – праскага студэнта, які скончыў жыцьцё самаспаленьнем на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 году.

Мінула 42 гады ад гэтай падзеі, але памяць пра Палаха не згасае. Пачатая Вацлавам Гаўлам традыцыя дзён памяці Яна Палаха жыве і цяпер.

Ян Палах
Ян Палах
16 студзеня 1969 году студэнт філязофскага факультэту Карлава ўнівэрсытэту ў Празе Ян Палах выйшаў на Вацлаўскую плошчу ў самым цэнтры сталіцы тагачаснай Чэхаславаччыны, падышоў да паштовай скрыні і кінуў туды некалькі лістоў, потым падняўся вышэй, да Нацыянальнага музэю, абліў сябе бэнзінам і падпаліў.

Усё адбылося вокамгненна, жывая постаць ператварылася ў жывую паходню, Ян Палах яшчэ здолеў прабегчы колькі мэтраў і затым упаў. Празь некалькі дзён, 19 студзеня, ад апёкаў Ян Палах памёр.

У адным з дасланых лістоў ён напісаў, што пасьля акупацыі краіны войскамі Варшаўскай дамовы яго народ «апынуўся на краі безнадзейнасьці», таму ён вырашыў пратэставаць, каб гэтым шляхам абудзіць суайчыньнікаў.

Яшчэ ў адной пакінутай запісцы ён выказаў патрабаваньні: адмяніць цэнзуру і распаўсюджваньне хлусьні, а таксама, ведаючы мэтады камуністычнай Службы дзяржаўнай бясьпекі, адзначыў, што дзейнічаў сьвядома і прадумана.

Рассакрэчаныя дакумэнты аб гібелі Яна Палаха


Служба дзяржбясьпекі адразу пасьля сьмерці Палаха пачала распаўсюджваць улёткі, у якіх спрабавала яго дыскрэдытаваць, распавёў Радыё Свабода гісторык з чэскага Інстытуту вывучэньня злачынстваў таталітарызму Пётр Блажак.

«Яны пачалі распаўсюджваць дэзінфармацыю паштоўкамі, іх раскідвалі нібыта невядомыя асобы, але былі гэта работнікі Службы бясьпекі, якія супрацоўнічалі з савецкімі органамі, – распавядае гісторык. – Сёньня мы ўжо ведаем, што савецкае кіраўніцтва выказвала сваю вялікую незадаволенасьць працай Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Некалькі дзён пасьля самаспаленьня Яна Палаха яны патрабавалі пакласьці канец вулічным беспарадкам. Але рэальна чэхаславацкая Служба бясьпекі пачала расьсьледаваць справу Яна Палаха ажно ў першую гадавіну самаспаленьня, калі людзі стыхійна пачалі ўспамінаць студэнта, прыходзіць на яго магілу».

Служба дзяржаўнай бясьпекі камуністычнай Чэхаславаччыны завяла адмысловую справу пад назвай «Магіла», дамагаючыся перавозкі праху Яна Палаха з Прагі ў яго родны гарадок Вшэтаты непадалёк Прагі. Увосені 1973-га рэжым свайго дамогся.

Кветкі Яну Палаха ад Вацлава Гаўла


Усе зьмяніў 1989 год. У студзені, у дзень 20-годзьдзя самаспаленьня Яна Палаха, на мітынгу яго памяці ў Празе выступіў Вацлаў Гавэл – і быў зноў арыштаваны камуністычным рэжымам. Віна – кветкі, якія Гавэл спрабаваў пакласьці на месца самаспаленьня Палаха. Але традыцыя, пачатая адным вялікім чэхам у памяць пра іншага, жыве і цяпер.

Штогод у студзені праводзіцца Тыдзень памяці Яна Палаха, штогод на месца самаспаленьня праскага студэнта нясуць людзі кветкі.

А ў галерэі горада Чэске-Будэёвіцэ адкрылася адмысловая выстава, распавёў Радыё Свабода яе куратар Рыхард Краўс.

«Я абраў у Інстытуце вывучэньня злачынстваў таталітарызму каля 60 дакумэнтаў у справе Яна Палаха, яны ўпершыню будуць прадстаўленыя для шырокага агляду, – кажа ён. – Акрамя гэтага, у экспазыцыі ёсьць пасьмяротная маска Яна Палаха, таксама я выбраў частку тагачасных фатаграфіяў».

Гэтыя дні ў многіх гарадах і мястэчках Чэхіі адбудуцца памятныя акцыі ў гонар Яна Палаха. Адна зь іх – у мястэчку Вшэтаты, дзе ён нарадзіўся 63 гады таму. Яе праводзіць Зьвяз Яна Палаха.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG