Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл: Пратэсты павінны прыводзіць да карэкцыі палітычнага курсу


Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл

Кіраўніцтву краіны неабходна прыслухоўвацца да меркаваньня пратэстнага руху, толькі праз дыялёг улады і грамадзтва магчыма ствараць будучыню Расеі, перакананы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

«Задача заключаецца ў тым, каб пратэсты, правільным чынам выяўленыя, прыводзілі да карэкцыі палітычнага курсу. Гэта самае галоўнае», – заявіў Кірыл у інтэрвію праграме «Весткі тыдня», якая прайшла ў далёкаўсходнім эфіры тэлеканала «Расея».

Паводле патрыярха, неадчувальнасьць улады да выразу пратэстаў – гэта «вельмі дрэнная прыкмета», «прыкмета няздольнасьці ўлады да саманаладкі».

«Улада павінна настройвацца, у тым ліку, і ўспрымаючы сыгналы звонку», – адзначыў кіраўнік РПЦ.

Патрыярх заклікаў і ўладу, і людзей «памятаць, што мы вычарпалі ліміт канфрантацыі, вычарпалі ўсякую магчымасьць ажыцьцяўляць рэвалюцыйную перабудову жыцьця нашага грамадзтва».

«Наш шлях – гэта спакойнае эвалюцыйнае разьвіцьцё, у тым ліку, і праз рэальны дыялёг з уладай, у тым ліку, калі неабходна, і празь зьнешні выраз свайго пратэсту, але такім чынам, каб не страсаліся асновы дзяржаўнага жыцьця», – сказаў ён.

Кірыл дадаў, што для царквы пытаньне актывізацыі пратэстнага руху «вельмі адчувальнае, таму што сярод нашых вернікаў ёсьць і тыя, хто быў на плошчы, і тыя, супраць каго выступала плошча».

«Таму слова царквы павінна несьці праўду, якую прымуць і тыя, і іншыя», – сказаў на заканчэньне ён.

«Праўда заключаецца ў тым, што хлусьня павінна сыходзіць з нашага жыцьця. З палітычнага, з эканамічнага, з сацыяльнага. З асабістага жыцьця», – працягнуў патрыярх.

Кірыл адзначыў, што чынячы няпраўду ў асабістым або прафэсійным жыцьці, нельга патрабаваць захаваньня праўды на макраўзроўні: «Царква заклікае да таго, каб на кожным узроўні была праўда – на ўзроўні асобы, сям'і, працоўнага калектыву, на ўзроўні палітычных партый, эканамічных карпарацый, на ўзроўні ўраду, і тых хто ўзначальвае краіну».

«Мы павінны навучыцца жыць па Божай праўдзе, гэта значыць, мы не павінны хлусіць адзін аднаму», – заклікаў патрыярх.

Ён падкрэсьліў, што ў кожнага чалавека ў вольным грамадзтве павінна быць права выказваць сваё меркаваньне, у тым ліку, і нязгоду зь дзеяньнямі ўлады.

У савецкі час, паводле яго слоў, гэта права толькі дэкляравалася на паперы, а «цяпер ёсьць такое права, і ім людзі карыстаюцца».

Аднак, рэалізуючы сваё права на выраз незадаволенасьці, грамадзтва, на яго думку, павінна валодаць пэўнай мудрасьцю.

Патрыярх выказаў здагадку, што, калі б дэманстрацыі, якія папярэднічалі рэвалюцыі 1917 году, скончыліся мірнымі пратэстамі, і за імі ня рушыла ўсьлед крывавая рэвалюцыя і братазабойчая вайна, то сёньня Расея мела б больш за 300 млн насельніцтва і альбо была б як ЗША па ўзроўні эканамічнага разьвіцьця, альбо нават абагнала бы гэтую краіну.

«Мы тады ня здолелі захаваць балянс і захаваць мудрасьць. Мы разбурылі сваю краіну. Таму што ўвогуле справядлівыя пратэсты людзей вельмі спрытна выкарыстоўваюцца тымі палітычнымі сіламі, якія імкнуцца да ўлады», – канстатаваў ён.

На думку кіраўніка РПЦ, паўтарэньня гісторыі – як падзей 1917 году, так і 1991, калі распадаўся СССР, – Расея дапускаць ня мае права.

Патрыярх Кірыл перакананы, што найважнейшымі і неабходнымі якасьцямі лідэра Расеі сёньня зьяўляюцца пачуцьцё адказнасьці перад Богам і перад людзьмі, а таксама пачуцьцё справядлівасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG