Паводле шэф-рэдактара газэты Вадзіма Баршчэўскага, машыну з накладам выданьня на дарозе адсочвалі:
«Спачатку затрымалі адну машыну, якой кіравала журналістка Юлія Канаплёва. Але газэты не знайшлі і склалі два пратаколы — за забруджаны нумар і нібыта пратэрмінаваны часовы талён.
Потым спынілі машыну Віктара Рамнёва, прычым затрыманьне праводзілі супрацоўнікі ДАІ, але кіравалі іхнымі дзеяньнямі невядомыя асобы з „грамадзянскай“ машыны. Аўтамабіль Віктара Рамнёва адправілі на штрафную стаянку, а наклад забралі».
Затрыманьне адбывалася на так званым «Варонаўскім кальцы» за 10 км ад Віцебску. Наклад машыны перавозілі з Смаленску, дзе «Витебский курьер» друкуецца — ён зарэгістраваны як расейскае друкаванае выданьне, але распаўсюджваецца ў Віцебску.
Верагодная прычына арышту накладу — матэрыял, прысьвечаны зьняволенаму старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.