Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: Могуць завесьці ў Магілёў хутка, а могуць і праз Брэст


Колькі Мікалая Статкевіча будуць везьці з Шклоўскай калёніі ў Магілёўскую турму? Алесь Бяляцкі ў Жодзінскім ізалятары заняўся літаратурнай працай. Павал Севярынец дапамагае наладзіць грамадзкую канфэрэнцыю па праблемах палітвязьняў. Віцебскі суд дагэтуль не адрэагаваў на скаргу адвакатаў Андрэя Саньнікава на начальніка калёніі. Эдуард Лобаў атрымаў ад сваякоў перадачу зь лекамі.

Павал Севярынец апавёў пра мэты канфэрэнцыі, якую зьбіраюцца правесьці ў гадавіну пачатку маленьня за палітвязьняў:

«19 студзеня будзе вялікая праваабарончая канфэрэнцыя. Яе ініцыююць тыя, хто моліцца за пілітвязьняў каля Чырвонага касьцёлу. А 19-га будзе год, як гэтая штодзённая малітва трывае. І малітоўнікі вырашылі абмеркаваць далейшыя практычныя дзеяньні. Будуць былыя палітвязьні, сваякі палітвязьняў, праваабаронцы, палітыкі, дыпляматы».

Канфэрэнцыю плянуецца правесьці ў Менску. Павал Севярынец, які сам знаходзіцца на «хіміі» ў Пружанскім раёне, ужо бярэ удзел ў арганізацыі канфэрэнцыі.

Таксама Павал Севярынец паведаміў, што днямі атрымаў лісты ад шмат каго з палітвязьняў. Алесь Бяляцкі паведаміў у лісьце Севярынцу, што заняўся, пакуль сядзіць ў жодзінскім ізалятары, літаратурнай працай. Пра што піша Бяляцкі, Севярынцу невядома. Ён толькі ведае, што гэта не зьвязана з турмой.

А вось што паведаміла пра мужа Натальля Пінчук, жонка Бяляцкага:

«Учора атрымала ліст ад Алеся, але асаблівых навінаў няма. Заўважна, што весялосьць са старонак лістоў сышла: раней былі рожыцы намаляваныя ўсьмешлівыя, а зараз малюе тварыкі такія больш з прамымі ртамі…Але зразумела, што ў яго ў настроі адбылося. А з навінаў толькі тое, што чакаем разгляду касацыі, прызначанай на 24 студзеня».

Разгляд касацыйнай скаргі Бяляцкага адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе. Толькі пасьля разгляду скаргі Натальля Пінчук спадзяецца атрымаць спатканьне з мужам.

14 студзеня, паводле меркаваньня Марыны Адамовіч, жонкі палітвязьня Мікалая Статкевіча, яго мусяць ужо прывезьці з шклоўскай калёніі ў магілёўскую турму. У суботу Марына будзе спрабаваць спраўдзіць гэта, пазваніўшы ў турму. Але ці адкажуць — адно пытаньне, а другое — ці прывязуць?
Адлегласьць паміж Шкловам і Магілёвам 30-40 кілямэтраў, але як там будзе?

«Адлегласьць паміж Шкловам і Магілёвам 30-40 кілямэтраў, але як там будзе? Калі ўсё нармальна, то, дай бог, хутка завязуць. А калі захочуць пакуражыцца, то могуць і празь Берасьце везьці. Такі досьвед таксама маецца. Але зараз я ўжо і не перакананая, што гэта будзе менавіта Магілёў. Буду спрабаваць тэлефанаваць і туды, і сюды».

Раней Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч зрабілі выснову менавіта пра Магілёўскую турму таму, што на наступны дзень пасьля суду над Статкевічам, на 13 студзеня, быў прызначаны этап у Магілёў.

У траўні 2011 году былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў узмоцненага рэжыму, адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. 12 студзеня ў калёніі адбыўся суд, які вырашыў на 3 гады накіраваць Статкевіча ў турму ў горшыя умовы як злоснага парушальніка рэжыму.

У адзіночнай камэры ў віцебскай калёніі № 3 трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.
Аказваецца, проста Андрэй нібыта ня змог прывесьці пераканаўчых доказаў таго, што яму сапраўды патрэбны адвакат.

Жонка палітвязьня Ірына Халіп: «Учора адваката зноў не пусьцілі да Андрэя. І на гэтым жа тыдні адвакаты атрымалі адказ на сваю скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. У адказе паведамляецца, што ніякае права на юрыдычную дапамогу не парушанае. Аказваецца, проста Андрэй нібыта ня змог прывесьці пераканаўчых доказаў таго, што яму сапраўды патрэбны адвакат».

Што да заявы адвакатаў у суд на начальніка калёніі «Віцьба-3», то пакуль абаронцы нават не атрымалі з суду ліста, што іх заява прынятая.

Вязень глыбоцкай калёніі Зьміцер Дашкевіч лістуецца зь сябрамі. Трымаюць Дашкевіча па-ранейшаму ў адзіночнай камэры.

Няма навінаў ад вязьня магілёўскай калёніі Зьмітра Бандарэнкі, паведаміла ягоная жонка Вольга.

Эдуард Лобаў напісаў дамоў, што змог у калёніі адзначыць Новы год. «Ім дазволілі крыху пасядзець у навагоднюю ноч за імправізаваным сталом», — паведаміла маці вязьня Марына Лобава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG