Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікі «Сельскага будаўнічага камбінату» падалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. І адразу адчулі рэпрэсіі з боку кіраўніцтва.

Зваршчык Аляксандар Кошалеў апавёў, што думка сысьці з афіцыйнага і далучыцца да незалежнага прафсаюзу ў рабочых зьявілася ўжо даўно:

«Мы пра гэта думалі яшчэ летась. Бо ніякае карысьці ад афіцыйнага прафсаюзу няма. Да прыкладу, у нас зношаная дарэшты спэцвопратка. А дырэктар кажа: „Я вам што, сваю з дому прынясу?“ Ніхто нашы інтарэсы не бароніць, таму адразу 8 чалавек напісалі заявы на выхад з прафсаюзу».

Праўда, на сёньняшні дзень «пратэстоўцаў» засталося толькі трое — гэта прадстаўнікі трох розных брыгад прадпрыемства. Астатніх пяцёх запалохалі або ўгаварылі забраць заявы, працягвае спадар Кошалеў:
Кіраўніцтва захацела зрабіць так, каб нашы ж калегі былі незадаволеныя нашым учынкам.

«Кіраўніцтва захацела зрабіць так, каб нашы ж калегі былі незадаволеныя нашым учынкам. Да прыкладу, усёй брыгадзе зьмянілі графік працы — так, што гэта стварае нязручнасьці для ўсіх. І людзі ўжо пачалі казаць, што, маўляў, гэта ўсё праз вас. Але колькі ж можна цярпець! Мы, апошнія, разумеем, што шляху назад у нас ужо няма. Каб нас па-добраму паспрабавалі ўлагодзіць, мы, можа, і пагадзіліся б забраць заявы, але цяпер — не!»

Адзінае, што засмучае Аляксандра Кошалева і ягоных аднадумцаў — гэта немагчымасьць стварыць суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу, як яны меркавалі. Бо для «пярвічкі» паводле статуту трэба мінімум 10 чальцоў.

«Значыць, будзем шукаць іншую прафсаюзную структуру. І ў любым выпадку не прападзем!» — гаворыць рабочы.

Заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу віцебскія будаўнікі напісалі ці не раней за работнікаў «Граніту» зь Берасьцейшчыны. Але не паведамлялі пра гэта журналістам, і за нейкія пару тыдняў адміністрацыя «Сельскага будаўнічага камбінату» паспрабавала зьбіць хвалю пратэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG