Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: салідарнасьць пратрымалася нядоўга


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Муляры з магілёўскага акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд», якія выступілі супраць звальненьня свайго калегі, актывіста незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага, адклікаюць свае подпісы пад зваротам да кіраўніцтва прадпрыемства. Адбываецца гэта пасьля гутарак сам-насам з прадстаўнікамі адміністрацыі і прафкаму.

Гутаркі адміністрацыі з брыгадай пачаліся 11 студзеня. У гэты дзень ад подпісаў пісьмова адракліся двое працаўнікоў. Яны тлумачылі, што падпісаліся пад уплывам Паўлоўскага.

10 студзеня брыгада муляраў пісьмова зьвярнуліся да кіраўніка прадпрыемства Леаніда Балдэнкі з патрабаваньнем, каб з Паўлоўскім быў працягнуты працоўны кантракт. У адваротным выпадку пятнаццаць заяўнікаў настойвалі, каб і зь імі не працягвалі кантрактаў. Акрамя таго, муляры заяўлялі, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Яны адзначалі, што іх пазыцыя — гэта салідарнасьць з таварышам, які бароніць іхнія правы.

Сустрэчы і гутаркі муляраў з кіраўнікамі прадпрыемства працягваюцца. Колькі яшчэ пратэстоўцаў адмовіліся ад свайго ранейшага намеру абараняць калегу?

Муляр: «Практычна ўсе. Ну, наагул ніякага перасьледу няма, так толькі, лёгенькі націск. Тры чалавекі толькі аказаліся найбольш стойкімі, скажам так. Выступілі, што хадайнічаюць пра тое, каб кантракт быў працягнуты з Паўлоўскім».
Ну, а нехта, да прыкладу, ня можа цяпер сысьці з працы — у яго дзеці.

Муляр: «Выклікалі ўсіх па адным. Калі чалавек адзін, то на яго лягчэй націснуць. Гэта такі псыхалягічны ход. Казалі нам, што вы будзеце звольненыя. Ну, а нехта, да прыкладу, ня можа цяпер сысьці з працы — у яго дзеці. Безумоўна, гэта ўсё атрымалася пад ціскам. Вы ж самі разумееце, што адбываецца ў краіне».

У адміністрацыі адмаўляюць, што на муляраў чыніцца ціск. Цьвердзяць, што Паўлоўскі ўвёў брыгаду ў зман, калі заклікаў падпісвацца пад заявай:

«Паўлоўскі проста праводзіць агітацыю. Вось давайце, маўляў, я напішу, каб павысілі заробак. А хто цяпер не за павышэньне заробку? Колькі цяпер трэба, каб схадзіць у тую ж краму! Заробкі ў нас не па дзесяць мільёнаў. Але фактычна былі іншыя намеры ў Паўлоўскага. Людзі падпісаліся пад тым, пра што не гаварылася. Яны цяпер абураныя», зазначае супрацоўніца адміністрацыі.
Пад чым жа падпісваліся людзі?

«Акцэнт у заяве мы рабілі на тое, каб праявіць салідарнасьць. Мы не плянавалі ніякіх бунтаў. Мы не хацелі закупарыць працу арганізацыі. Мы хацелі падтрымаць чалавека. Гэта як крайняя мера, якой мы хацелі паказаць начальству, каб яно задумалася пра свае нейкія дзеяньні няправільныя», сьцьвярджае адзін з муляраў.

Заява муляраў

Заява муляраў



Аляксей Паўлоўскі заяўляе, што тэкст заявы ён не пісаў, людзей да яе падпісаньня не падбіваў. Адносіны з брыгадай застаюцца бесканфліктнымі.

«На людзей адназначна быў прагназаваны ціск. Ім не спадабалася, што людзі ўзьнялі галовы. Ім не спадабалася спроба зьяднацца», зазначае Аляксей Паўлоўскі.

У Аляксея Паўлоўскага кантракт сканчаецца дзясятага лютага. Пра тое, што працягваць працоўныя адносіны зь ім адміністрацыя ня будзе, яму паведамілі. Пацьвердзілі гэта сёньня і журналісту. Прычынаў скасаваньня кантракту не назвалі. Некаторыя з калегаў Паўлоўскага спадзяюцца, што пазыцыя кіраўніцтва прадпрыемства можа і зьмяніцца. Сам Паўлоўскі ня супраць таго, каб працягваць працаваць у «Прамжылбудзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG