Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчае ўпраўленьне ўпадабала… раддом


У Гомелі ад пачатку сёлетняга году пачало дзейнічаць рэгіянальнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь. Цяпер яно месьціцца па двух адрасах: вуліца Войкава, 87 і Камунараў, 3. У першым будынку раней была гарадзкая пракуратура, у другім — абласное ўпраўленьне міліцыі.

У пэрспэктыве УСК, як апавёў яго начальнік Алег Шаркоў у мясцовым друку, зойме будынак гарадзкога клінічнага радзільнага дома на вуліцы Савецкай, 34. Гэта чатырохпавярховы гмах у выглядзе літары «П».

Раддом быў зачынены паўтара года таму і перададзены на балянс абласной управы аховы здароўя. Плянавалася, што пасьля рэканструкцыі сюды пераедзе абласны дзіцячы шпіталь.

«І вось тут нас усіх чакаў нават не падводны камень — сапраўдная скала. Кошт маючай адбыцца рэканструкцыі перавысіў усе разумныя межы», — казаў на мінулагодняй прэсавай канфэрэнцыі старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік.

Таньней нібыта пабудаваць новы дзіцячы шпіталь у мэдгарадку, на ўскрайку Гомеля.

Тым часам рыхтуецца дакумэнтацыя на рэканструкцыю раддома, каб разьмясьціць там упраўленьне Сьледчага камітэту — так распарадзіліся мясцовыя ўлады. Выглядае, што пераабсталяваць палаты радзільнага дома пад сьледчае ўпраўленьне ня так дорага, як пад дзіцячы шпіталь.

У горадзе шэраг дзіцячых установаў, у прыватнасьці дзіцячых садкоў, адышлі то сілавым, то камэрцыйным структурам, а то й пад вайсковы музэй. Цяпер у абласным цэнтры гэтых самых дзіцячых садкоў нестае.
XS
SM
MD
LG