Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Садоўскі: існуе палітычная замова перашкаджаць рэгістрацыі БХД


Зьезд БХД, сьнежань 2011

Зьезд БХД, сьнежань 2011

Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» накіраваў пратэст у Міністэрства юстыцыі, якое прыпыніла на адзін месяц рэгістрацыю партыі БХД.

У Менску і ў рэгіёнах зарэгістравана больш за 20 фактаў ціску на яе заснавальнікаў. Пра гэта на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў сядзібе партыі БНФ заявіў адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі.

У лісьце, які аргкамітэт БХД атрымаў ад Міністэрства юстыцыі 11 студзеня, паведамляецца, што працэс дзяржаўнай рэгістрацыі партыі БХД прыпынены на адзін месяц, бо стваральнікі партыі не прадставілі пэўны пакет дакумэнтаў і зьвестак да 5 студзеня. Гэта не дазваляе Мін’юсту пераканацца, што партыя БХД створаная ва ўстаноўленым парадку, а таксама — што дакумэнты адносна яе юрыдычнага адрасу сапраўдныя. Дзяніс Садоўскі пракамэнтаваў гэты ліст зь Мін’юсту:

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

​«Безумоўна, гэта толькі падстава, якая наагул ня мае ніякага юрыдычнага абгрунтаваньня, каб прыпыніць рэгістрацыю партыі. Гэта рашэньне беззаконнае, юрыдычна неабгрунтаванае. І яўна існуе палітычная замова на тое, каб усяляк перашкаджаць рэгістрацыі партыі».

Рэглямэнтаваны законам пералік дакумэнтаў для рэгістрацыі палітычнай партыі аргкамітэт прадставіў у поўным аб’ёме 20 сьнежня 2011 году. Аднак Мін’юст запатрабаваў чатыры дадатковыя дакумэнты, якія, паводле Садоўскага, ніяк не рэглямэнтаваныя законам.

«Гэта выключна свавольства Міністэрства юстыцыі, якое запатрабавала ад нас, напрыклад, дакумэнт, які пацьвярджае, што ўстанова, якая дасьць нам юрыдычны адрас пасьля нашай рэгістрацыі, мае права здаваць у арэнду памяшканьне. Гэта пытаньне наагул не да нас. Але намі былі прадстаўленыя гэтыя дакумэнты. 5 студзеня мы накіравалі заказны ліст на адрас Міністэрства юстыцыі, у якім мы гэтыя дакумэнты прадстаўляем. І тым ня менш міністэрства прыпыняе рэгістрацыю. Гэта юрыдычны нонсэнс, беззаконьне, гэта абуральна».



Начальнік упраўленьня Мін’юсту Алена Кірычэнка ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Свабоды» паведаміла, што карэспандэнцыя ад стваральнікаў партыі БХД атрыманая сёньня, але яна пакуль яе ня бачыла.

«У нас такі парадак прадугледжаны для ўсіх грамадзкіх арганізацый — прыпыніць. Гэта звычайная працэдура. Калі мы не пасьпяваем разгледзець, бо нам стварылі нейкія пэўныя складанасьці, мы прыпыняем».

Яна адмовілася камэнтаваць шанцы на рэгістрацыю партыі, бо спачатку трэба разгледзець дакумэнты.

Аргкамітэт па стварэньні БХД накіраваў у Міністэрства юстыцыі пратэст і запатрабаваў аднавіць рэгістрацыю партыі. Сябры БХД зьбіраюцца таксама зьвярнуцца ў суд. Паводле Садоўскага, міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі на сваёй ранейшай пасадзе тры разы займаўся рэгістрацыяй Партыі БХД, і тры разы ёй было адмоўлена. Але менавіта цяпер, чацьвёртым разам, заснавальнікі адчуваюць моцныя рэпрэсіі з боку ўладаў, асабліва ў Мёрах і Менску. Да асобных менчукоў, паводле Садоўскага, прыходзілі людзі, якія прадстаўляліся сябрамі «Белай Русі» і ў пагрозьлівай форме прапаноўвалі адклікаць подпісы.

«Масава абтэлефаноўвалі, прыходзілі на працу, дахаты супрацоўнікі міліцыі, раённых адміністрацый, дырэктары заводаў і школаў. І простымі сказамі тлумачылі, што калі да канца дня чалавек не напіша заяву, што ён адклікае свой подпіс, ён страціць сваю працу. Пагражалі ня толькі праблемамі на працы, але і фізычнай расправай».

Прадстаўніца Мін’юсту Алена Кірычэнка ў размове з карэспандэнтам «Свабоды» сказала:

«У іх там 1080 заснавальнікаў. Дык што, мы тут за кожнага заснавальніка павінны адказваць і пісаць лісты, што, калі ласка, не званіце нікому? Ну, калі нехта праявіў ініцыятыву, то прычым тут міністэрства? Мы як рэгіструючы орган маем права праверыць дакумэнты, якія нам падалі на рэгістрацыю. Мы іх правяраем. У нас так усе арганізацыі рэгіструюцца».

Камэнтуючы рашэньне Мін’юсту, Дзяніс Садоўскі не выключае, што ўлады вырашылі пачакаць цягам месяца і паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі на зьнешнепалітычным полі.

«Безумоўна, рашэньне будзе палітычным. І Міністэрства юстыцыі тут грае толькі ролю блазна, яно піша на сваіх блянках заявы, якія ім дыктуюць зьверху. Чацьвёртую рэгістрацыю мы праходзім, і нас ужо такая сытуацыя не зьдзіўляе. У якой краіне жывем, мы таксама ведалі, і таму былі падрыхтаваныя і да такіх вось крокаў. Спадзяваньні на рэгістрацыю ў нас застаюцца ў памеры 5%. Але мы будзем рабіць усе захады, найперш каб абараніць людзей».

Вядоўца. Устаноўчы зьезд партыі БХД прайшоў 17 сьнежня 2011 году ў Менску. Сустаршынямі абраныя Георгі Дзьмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец. Гэта ўжо чацьвёртая спроба рэгістрацыі партыі. Першая была зробленая ў 2009 годзе, яшчэ дзьве — у 2010-м. Ува ўсіх выпадках Мін’юст адмаўляў у рэгістрацыі, спробы абскардзіць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе посьпеху ня мелі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG