Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны актывіст незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч атрымаў чарговыя дзесяць сутак карцэру.

Пра гэта ён паведаміў у лісьце да сваёй бабулі Тамары Ўладзімераўны. Допіс датаваны дванаццатым студзеня. За што пакаралі актывіста, ён не напісаў.

«Жэня піша, што ў яго ўсё добра. Стаўленьне да яго асуджаных — таксама добрае. Пра магчымае спатканьне ён напісаў, што сумняваецца, што яно адбудзецца бліжэйшым часам. «Мне ўчора далі яшчэ дзесяць сутак. Цяпер чакаю, калі паеду ў ШЫЗА», кажа Тамара Ўладзімераўна.

У лісьце актывіст просіць даслаць яму каляндарык на год, абразок і катэхізіс для каталікоў. Цяпер ён чытае Біблію — Стары Запавет. Перадае вітаньні і віншаваньні з прамінулымі сьвятамі родным, сябрам і паплечнікам. Просіць ставіць сьвечку на дзень сьвятога Патрыка.

Апошні раз Яўгена Васьковіча каралі карцэрам у сьнежні за нібыта зьняважлівыя паводзіны на камісіі, якая вызначала, ці стаў асуджаны на шлях выпраўленьня. Калі яму зачытвалі пастанову, ён усьміхаўся. Гэта расцанілі як непавагу й далі яму дзесяць сутак ШЫЗА

У кастрычніку й лістападзе ў штрафным ізалятары Яўген Васьковіч прабыў трыццаць дзён. У лісьце маці ад 18 лістапада ён паведаміў, што 19 кастрычніка яго пакаралі ізалятарам за нібыта абразу дзейнай улады.

Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава, асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ у кастрычніку 2010 году. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».

Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. Яўген Васьковіч у адным зь лістоў сваім паплечнікам заявіў, што ён не прыхільнік анархісцкіх ідэяў і лічыць сябе беларускім нацыяналістам.

Да пераводу ў турму № 4 Васьковіч адбываў пакараньне ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Вызвалены з гэтай калёніі палітвязень Аляксандар Малчанаў паведаміў, што Яўген Васьковіч не падпарадкоўваецца загадам адміністрацыі калёніі, за што рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар.
XS
SM
MD
LG