Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб уладкаваць сьледчыя камітэты, высяляюць дзяцей і прадпрымальнікаў


У Шаркоўшчыне сьледчым аддаюць будынак дзіцячай музычнай школы, а ў Віцебску — цэлы дзевяціпавярховы гмах, дзе месьціліся прыватныя фірмы і дзяржаўныя арганізацыі.

У дзевяціпавярховіку — гэта будынак № 120 па Маскоўскім праспэкце ў Віцебску — арандавалі памяшканьні прадпрымальнікі, прыватныя фірмы, а таксама там былі разьмешчаны інстытут «Віцебсксельбудпраект» і падатковая інспэкцыя Першамайскага раёну.

Арандатарам загадана вызваліць памяшканьні, бо, паводле іхных зьвестак, са студзеня ў будынку павінен пачацца капітальны рамонт. Альтэрнатыўных варыянтаў разьмяшчэньня ніхто нікому не прапаноўваў, таму новыя офісы і вытворчыя памяшканьні прадпрымальнікі мусяць шукаць самастойна. Пасьля рамонту ў дзевяціпавярховы будынак перабярэцца абласны сьледчы камітэт, кіраваць якім прызначылі Ўладзімера Шалухіна.

Паводле афіцыйнай інфармацыі з газэты «Віцебскі рабочы», абласная ўправа сьледчага камітэту пакуль што месьціцца ў будынку № 2 па вуліцы Будзённага. Там маюць сядзібу структура папярэдняга расьсьледаваньня і экспэртна-крыміналістычны цэнтар.

Сьледчыя раённага маштабу пакуль працуюць у райаддзелах МУС. Але гэта часова, памяшканьні для іх ужо шукаюць. У райцэнтры Шаркоўшчына, прыкладам, сьледчы камітэт хочуць разьмясьціць у будынку цяперашняй музычнай школы — ён якраз побач з Шаркоўшчынскім РАУС. Вучняў і настаўнікаў пераводзяць у будынак на ўскраіне райцэнтру, які шмат год пуставаў: некалі там была сярэдняя школа, а потым Дом піянэраў. Асобнай праблемай стане перавозка музычных інструмэнтаў.

Сьледчы камітэт, створаны паводле рашэньня Аляксандра Лукашэнкі, пачаў сваю працу 1-га студзеня гэтага году. У Віцебскай вобласьці ў гэтай структуры працуюць больш за 500 чалавек, якіх цяпер трэба некуды «засяліць».
XS
SM
MD
LG