Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны Саюз палякаў застаўся без старшыні


Станіслаў Сямашка

Станіслаў Сямашка

Старшыня праўладнага Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка падаў у адстаўку, спаслаўшыся на сямейныя абставіны і на тое, што жадае займацца болей уласным бізнэсам. Маўляў, весьці адразу дзьве справы не атрымліваецца. Аднак многія лічаць, што ініцыятыва замяніць Сямашку на гэтай пасадзе належыць беларускім уладам.

Заяву аб адстаўцы Сямашка падаў на пасяджэньні Галоўнага праўленьня арганізацыі ў мінулую пятніцу, хаця плянавы зьезд, на якім павінны адбыцца новыя выбары старшыні, прызначаны толькі на 2013 год. Сам ён адмовіўся тлумачыць «Свабодзе» прычыны свайго сыходу і наагул не захацеў размаўляць.

Сямашка: «Усяго найлепшага, я ня маю часу...»

Ягоны намесьнік, Мечыслаў Лысы, сказаў, што ў суботу 14 студзеня адбудзецца паседжаньне Галоўнай рады, на якім будзе, сярод іншага, разгледжана і гэтая заява.

Мечыслаў Лысы

Мечыслаў Лысы

Лысы: «Галоўнае праўленьне прыняло і разгледзела гэтую заяву. Сямашка сам прысутнічаў, падзякаваў усім за сумесную працу і сышоў. Фармальна ён яшчэ застаецца старшынём, але хіба ён сябе ўжо ім ня лічыць, ён падзякаваў і сышоў».

Паводле статуту арганізацыі, выконваць абавязкі старшыні Саюзу палякаў да правядзеньня зьезду павінен адзін з намесьнікаў старшыні. Цяпер іх два — Мечыслаў Лысы і Віктар Богдан. Са слоў Лысага, заўтра на паседжаньні Рады будзе прынята рашэньне аб даце правядзеньня зьезду. Лысы ня выключыў, што гэты зьезд можа быць пазачарговым.

Гарадзенскі журналіст і сябра не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анджэй Пачобут схільны лічыць, што Сямашка ўсё ж пакінуў гэтую пасаду не па сваёй волі, а яго зьмянілі беларускія ўлады.

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Пачобут: «Чалавек як бы не выконваў тых функцый, якія яму даверылі. Ён нават ня змог вывучыць польскай мовы, ня мог даць інтэрвію па-польску, і яго палічылі проста беспэрспэктыўным».

Старшыня непрызнаванага Саюзу палякаў Анжаліка Арэхва зьвяртае ўвагу і на фінансавы стан Дамоў польскіх, якія маюць значныя даўгі за камунальныя паслугі, наагул на цяжкае фінансавае становішча, хоць на пачатку сваёй кар’еры Сямашка абяцаў разьвіваць эканамічную дзейнасьць і зарабляць грошы для арганізацыі.

Да 2005 году СПБ фінансаваўся праз польскую арганізацыю «Вспульнота Польска». Але фінансаваньне было спынена пасьля таго, як беларускія ўлады не прызналі рашэньняў чарговага зьезду ў 2005 годзе. Пра фінансавае становішча Саюзу палякаў я запытаўся ў Мечыслава Лысага.

Лысы: «Фінансавае становішча заўсёды было ня вельмі добрым. Наколькі я ведаю, ёсьць некаторыя даўгі, і зараз іх тэрмінова трэба вырашаць. Я проста пакуль не гатовы казаць пра гэта канкрэтна».

У сваю чаргу, Арэхва сьцьвярджае, што іх арганізацыя хоць і мае досыць шмат праблемаў, але пасьпяхова дзейнічае і працуе згодна з сваім статутам.

Анжаліка Арэхва

Анжаліка Арэхва

Арэхва: «Мы надалей арганізоўваем курсы польскай мовы. Тыя хоры, музычныя і танцавальныя калектывы даюць канцэрты як у Беларусі, так і ў Польшчы. Мастакі, якія існуюць пры нашым Саюзе, таксама ладзяць выставы, народныя майстры дзейнічаюць...»

У Беларусі з 2005 году існуюць два Саюзы палякаў. Пасьля таго як беларускія ўлады не прызналі зьезд арганізацыі, на якім старшынём была абраная Анжаліка Борыс, быў праведзены паўторны зьезд. Старшынём СПБ на ім быў абраны Юзаф Лучнік, якога, у сваю чаргу, не прызналі польскія ўлады. Анжаліку Борыс з таго часу зьмяніла на пасадзе Анжаліка Арэхва, а спадара Лучніка — Станіслаў Сямашка.

Ён быў абраны старшынём 12 верасьня 2009 году. Раней Сямашка ня меў ніякага дачыненьня да польскага руху на Гарадзеншчыне. У студзені мінулага году абяцаў правесьці маршы ў падтрымку Лукашэнкі. Апроч гэтага, Сямашка папрасіў беларускія ўлады праверыць, наколькі польскі закон «Аб карце паляка» адпавядае нормам міжнароднага права. Рашэньнем польскіх уладаў яму забаронены ўезд у Польшчу.
XS
SM
MD
LG