Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Закапалі маці каля хаты


Звычка: прыкінуць, што зроблена летась, што не атрымалася? Канечне, лепшыя падзеі пакінуць у памяці прыямней, на бачнае месца іх, можна ў рамцы на сьцяне. Але і без астатніх нікуды, на сьметніцу не занясеш, хіба што ў шуфляду ніжнюю, калі яшчэ месца ёсьць. Як бы не рабілася ніякавата, але й 365 дзён краіны абмацаць вокам варта. Над апошнім годам яшчэ будуць задумвацца, вывучаць з лупай, па літарынцы, спрачацца: што здарылася, што зрабілі зь беларусамі?

Канечне, спакусьліва зрабіць, як некалі пісьменьнік і рэпарцёр Аркадзь Аверчанка ў сваім «Фокусе вялікага кіно», каб палетуценіць пра дабальшавіцкія часы, пусьціў кінахроніку назад, цешачы чытача, што Ленін і Троцкі «паехалі задам наперад на вакзал, селі ў расплямбаваны вагон, тут жа яго заплямбавалі — і ўкаціла ўся кампанія заднім ходам у Нямеччыну».

Аднак мне зразумела, што калі, дапусьцім, вось толькі 19 сьнежня цяпер, і ніхто ня рухаецца ад «палаца-саркафага», дубальтоўка-то на месцы на сьцяне, яна павінна ўсё роўна пальнуць. Так ці інакш, бо задумана і падрыхтавана адпаведна, каб не парушаць тэатральных умоўнасьцяў.

Закапаў каля хаты


Немалая краіна Беларусь, хоць некаму ўпарта здаецца шасьцю соткамі, дзе ніяк не разгарнуцца. І ўсякае там здараецца, братка. Канечне, чым меншае мястэчка, тым шчыльнасьць насельніцтва сьціплейшая, і здарэньні больш рэдкія, але ўсё роўна цікавыя і нечаканыя. Памерла ў аднаго правінцыйнага беларуса маці, закапаў яе каля хаты і пасьпяшаўся атрымаць за нябожчыцу пэнсію. Падаў пашпарт у акенца, расьпісаўся, пералічыў грошы. Было на што адзначыць, памянуць.

Але што там дзівосы правінцыі, маці-Беларусь у непрытомным стане апынулася, ці зусім памерла, доўга не разьбіраліся, вызвалілі месца, вынесьлі з хаты. Падзеі сышліся: усё ў сьнежні 2010-га адбылося. Зіма панавала нежартоўная, яму выкапаць каля хаты вымагала высілкаў. Хаваў сьцяўшы зубы: без адпяваньня, бяз плакальшчыц, без крыжа. З агульнай беларускай маці таксама па-хуткаму зрабілі. Спачатку дзеля праформы — у шпіталь. А ўначы спрытныя ў масках выцягнулі небараку на мароз, у невядомым накірунку зьніклі. Каб працягваць пэнсію атрымліваць.

Мысьлячая частка краіны сьцялася: калі ж у начальства зьменшае апэтыт, адкладзе нож зь відэльцам? Як шырока задумана адпомсьціць: усіх за краты, хто на нянавісьць адказвае нянавісьцю? Колькі будуць арыштаваныя —тысячы і тысячы? Над галовамі быццам хмары груганьня праляцелі, апырскалі экскрэмэнтамі. Пачуцьцё гідлівасьці напалову з шокам. І бяз рэзкага кантрасту не абышлося, блазенскай радасьці памагатых: перамог, перамог, паказаў кузькіну маць, абрагочасься, жывот парвеш! Няхай жыве, слава! Магчыма трэба было рагатаць, як сёньня ў Паўночнай Карэі публічна раўці каровай, каб не абвінавацілі. Але бачна было, што не, ня той, братка, выпадак, што радасьць насамрэч — шчырая, беларуская. Хай сядзяць, хто не панімае паліцікі!

Як стала вядома даволі хутка: недзе рыхтаваўся выбух у мэтро, але людзі з пагонамі былі па вушы ў рабоце. Усіх настрашыць, хто пасьля галасаваньня не сядзеў па кватэрах, ідэнтыфікаваць да апошняга твару і мабільнага тэлефону! Усіх вывесьці на чыстую ваду, адбіткі пальцаў — здаць пагалоўна!
Каб усе трымцелі, каму прысьнілася раптам, што «свабода лепш за несвабоду»!

Рублёвыя спадзяваньні


У чалавека, які закапаў матку каля хаты, цягам году няўхільна псаваўся настрой: пэнсія нябожчыцы імкліва траціла ў вазе, бутэлек хапала купіць усё менш. Астатнія беларусы таксама клаліся спаць у ложак з расчараваньнем, надзея на пяцьсот даляраў ператварылася ў дурны жарт. Напачатку яны сябе супакойвалі: арыштавалі, пасадзілі і хай сядзяць! Хто вокны біў?! А мы ў палітыку ня лезем, мы камэнтары не даём, мы ня торгаемся. Нам галоўнае грошы, як было абяцана, дабрабыт, іншае нас не датычыць, гары яно гарам. Дурняў турма любіць! Але вельмі ж хутка па курылках, па кухнях загучала: падмануў, аб’ягорыў на мякіне, дурні мы, дурні…

Я ўвесь час думаў: трэба абавязкова паспрабаваць зафіксаваць зьмены ў настроях, калі ўсё рэзка пачало ламацца — ад валюты засталася толькі назва, цэны апанавала гарачка, заробкі схуднелі. Падобнае ўжо было дваццаць гадоў таму, але з задачай я ня справіўся, надта нечакана здарылася. Гэтым разам штосьці ўдавалася занатоўваць: «Беларус мармыча сабе пад нос: бедны яшчэ больш бяднее, багаты — падлічвае прыбыткі! Каму крызіс абухом, каму — грошы ў кішэню, раптоўны дождж залаты. А народ? А што народ? Народ сам вінаваты — «ажыятаж стварыў, соль-запалкі расхапаў з паліц»! Тэлевізар як пракурор — безапэляцыйны і абвінаваўчы, як заўжды…»

Масавае маўчаньне


У краіне існавалі летась дзьве зоны масавага маўчаньня. Першая —традыцыйная, яе мажджэрыстую масу складаюць канфармісты, баязьліўцы. Другая мела характар, але да гарту не дайшло, начальства з кулакамі кінулася, не даючы масе ўзмацнець. Адчуць побач чужое плячо, сябе —адзінай істотай, як пісаў калісьці Эліяс Канэці, яна магла б у нашых умовах, дзякуючы магчымасьці зьбірацца яшчэ і яшчэ. Начальства напалохалася вельмі.

Імкненьне да пастаяннага росту — уласьцівасьць масы, пагатоў якая мае мэту: паказаць начальству, уласна кажучы, язык. Адкрытая маса, што не ў памяшканьні, існуе, пакуль расьце, так пісаў пісьменьнік, які трыццаць гадоў дасьледаваў узаемаадносіны масы і ўлады. Але як толькі спыняецца рост, неўзабаве пачынаецца распад. Рост быў спынены: арыштамі, судамі, штрафамі.

Знайшлася ўрэшце і маці-Беларусь, трымаюць яе на штучным сэрцы. З прэтэнзіяй да суседзяў: пахаваем, калі грошы не дасьцё на падтрыманьне. Першыя, дурні, не адмаўлялі, але моцна засумняваліся: ці не падман, ці існуе яна насамрэч дагэтуль, ці толькі ілюзію ствараюць, каб гатоўку мець? Спрытныя эскулапы ў чорных масках не разгубіліся, зь іншымі суседзямі загрудкі амаль што: давайце грошы, інакш аддамо вам яе, але ў мёртвым стане — толькі закапаць…

Хаўтуры і літаратура


Раней казалі: правадыра ляпіць мелі прывілей толькі скульптары-ляўрэаты. Ня ведаю, як наконт літаратуры. Але ляўрэаты права мелі і карысталіся ім. Адзін маскоўскі паэт напісаў калісьці шчымлівую паэму: памерла маці Сталіна, але той вельмі заняты змаганьнем з ворагамі народу і ня мае часу на пахаваньне. Хаваць безь яго баяцца. Нагадваць таксама. Дні ідуць, Сталін заняты, маці нежывая. Нарэшце на дзясяты дзень ён успамінае, бачыць, што не атрымаецца: дзе Крэмль, а дзе каўкаская вёска, і дае адмашку. Паэма вельмі спадабалася аднаму літаратурнаму начальніку, гатовы быў адразу ў друкарню здаваць, але бяз санкцыі нельга. Сталін паэму прачытаў і загадаў зьнішчыць, але аўтара заахвоцілі за стараннасьць.

Беларус, які закапаў маці каля хаты, доўга падтрымваў яе «пры жыцьці» ў вачах даверлівых касірак, нават даверанасьці належнай на атрыманьне пэнсіі ня маючы. Падмануў, словам, начальства на некалькі мільёнаў, якія яно, зрэшты, уласнаручна абясцэніла за гэты час у тры разы. Яно, аднак, свайго ніколі ня страціць: колькі намалаціла толькі на тых, хто прыходзіў на плошчу маўчаць?!

Міліцэйскія маёры адно бядуюць: беларус, які матку закапаў, цалкам станоўчыя меў характарыстыкі, ні ў чым ня быў заўважаны, словам, прадстаўнік маўклівай большасьці. А вось ашуканцам аказаўся! Праўда, пэнсію нябожчыцы не на ўлёткі, не на апазыцыйныя газэты, пераважна на бутэлькі траціў, значыцца дапамагаў дзяржаве акцызамі. Частковае алібі, можна сказаць. І што, паэты: ці жаданьня напісаць паэму ня ўзьнікла?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG