Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 студзеня — суд за салідарнасьць зь Сяргеем Каваленкам


Пётар Іваноў

Пётар Іваноў

Пётр Іваноў, актывіст кампаніі «Гавары праўду» быў затрыманы за распаўсюд улётак зь інфармацыяй пра зьняволенага Сяргея Каваленку.

Улёткі з запрашэньнем у Першамайскі райсуд, дзе сёньня Сяргею Каваленку прысудзілі штраф памерам 140 тысяч рублёў, зьявіліся на віцебскіх вуліцах некалькі дзён таму.

Пятра Іванова затрымалі 6 студзеня ў раёне Смаленскага кірмашу і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС.

«Спачатку на мяне склалі пратакол, нібыта я заклікаю да грамадзкага непадпарадкаваньня. Давялося патлумачыць міліцыянтам, што суд — гэта месца, дзе мусіць зьдзяйсьняцца правасудзьдзе, і запрашэньне туды — зусім не загана. Тады пратакол перапісалі, нібыта я нецэнзурна лаяўся, чым абражаў чалавечую годнасьць мінакоў. Паказальна, што ўсё гэта адбывалася каля 10-й вечара, і далёка ня ў цэнтры гораду, так што на вуліцы людзей практычна не было», — распавёў Пётр Іваноў.

Паводле ягоных словаў, склаўшы пратакол пра нецэнзурную лаянку, супрацоўнікі міліцыі паехалі дамоў да актывіста. Яму прад’явілі дазвол на агляд ягонага жытла, але правялі сапраўдны ператрус, запрасіўшы ў панятыя суседзяў.

Супрацоўнікі міліцыі нічога не забралі, але і гаспадара ў кватэры не пакінулі — завезьлі яго на ноч у ізалятар часовага ўтрыманьня. Суд за нецэнзурную лаянку прызначаны на 16 студзеня.

Пётр Іваноў распавёў пра гэты інцыдэнт перад пачаткам працэсу Сяргея Каваленкі, якога прыйшоў падтрымаць. Актывіст кампаніі «Гавары праўду» падкрэсьліў, што ён грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, сябар партыі «Адзіная Расія», і мяркуе зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу ў консульскае прадстаўніцтва Расейскай Фэдэрацыі.
XS
SM
MD
LG