Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Васілевіч: Жабрацтва зьвязанае з праваслаўнай духоўнасьцю


Натальля Васілевіч, рэдактарка парталу «Царква» распавядае пра традыцыю жабраваньня перад праваслаўнымі храмамі.

Максімюк: Наколькі такая зьява, калі людзі стаяць перад царквой і жабруюць ці просяць міласьціны, распаўсюджаная ў Беларусі? Пытаю, бо на Беласточчыне я гэткай зьявы перад праваслаўнымі храмамі наогул ня бачыў. А вось зараз у Празе, перад праваслаўным храмам, у які мы ходзім з жонкай, звычайна стаіць адзін чалавек або і два, зьбіраючы грошы. Але ўражаньне ў нас такое, што ён зьбірае грошы на звычайную выпіўку, а не таму, што яму няма за што паесьці. Як выглядае сытуацыя ў Беларусі?

Васілевіч: Наогул існуе такая субкультура жабрацтва, і гэтая субкультура зьвязаная з праваслаўнай духоўнасьцю ў нейкім сэнсе, таму што шматлікія праваслаўныя сьвятыя былі жабракамі. З жабракамі заўсёды такая праблема, што ты ніколі ня ведаеш, ці гэта п’яніца зьбірае на выпіўку, ці чалавек сапраўды ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, і яму патрэбная нейкая капейчына, ці гэта проста стаіць махляр, які ня хоча працаваць і такім чынам зьбірае грошы. У духоўнай літаратуры можна прачытаць, што шматлікія сьвятыя прымалі на сябе аблічча такіх людзей з самых нізоў, якія і паводзілі сябе адпаведным чынам. Такія прыклады мы маем і ў Рускай праваслаўнай царкве, і ў Грэцыі. Што тычыцца Беларусі, дык нават у савецкі час — хоць я гэтага ня бачыла на ўласныя вочы — былі пры царкве людзі, якія прасілі грошай і жабравалі.
Субкультура жабрацтва зьвязаная з праваслаўнай духоўнасьцю ў нейкім сэнсе, таму што шматлікія праваслаўныя сьвятыя былі жабракамі.

Максімюк: Сапраўды гэтая зьява існавала і ў савецкі час? Тады, здаецца, людзі ў цэрквы амаль не хадзілі, дык ад каго можна было жабраваць?

Васілевіч: Гэта так, але ёсьць нейкія такія тыпажы, вядомыя і цяпер, якіх царкоўныя людзі запомнілі яшчэ з савецкага часу, як яны стаялі перад цэрквамі і прасілі грошай. Магчыма, у іх ня ўсё было ў парадку з псыхікай, але цяжка тут праводзіць нейкую такую лінію, таму што ў царкоўнай традыцыі ёсьць нешта такое як юродзівыя — блазны, пра якіх невядома, ці яны сапраўды псыхічна хворыя, ці проста так сябе паводзяць. Мне даводзілася чуць ад людзей, якія хадзілі ў царкву ў 1970-х або 1980-х, што яны памятаюць такога ці іншага жабрака яшчэ з таго, савецкага часу. Але, безумоўна, гэта не была масавая зьява ў той час.

Максімюк: А як бы вы акрэсьлілі распаўсюджанасьць гэтай зьявы сёньня? Шмат людзей жабруе пры царкве? Іх прыбывае ці, можа, гэтая колькасьць стабілізавалася?

Васілевіч: Гэтая субкультура больш гарадзкая і характэрная для вялікіх гарадоў, чым для маленькіх. Таму што ў маленькіх гарадах багаслужбы адбываюцца толькі ў нядзелю або ў суботу вечарам. А ў вялікім горадзе атрымліваецца як бы пастаянная плынь людзей, асабліва ў выпадку цэнтральных храмаў або вялікіх сабораў, якія пастаянна адчыненыя. Перад імі наогул шмат жабракоў, часам яны зьбіраюць грошы з блаславеньня настаяцеля, а часам, так сказаць, у дзікунскі спосаб. Многія з гэтых людзей даволі вядомыя для агулу, часам яны мяняюць месца дысьлякацыі, таму што іх ведаюць як ня вельмі добрых людзей, як злодзеяў і злачынцаў, якія ня проста зьбіраюць грошы, але таксама займаюцца дробным крыміналам. З такімі людзьмі настаяцелі цэркваў спрабуюць разьбірацца з дапамогай міліцыі. А напрыклад, у петрапаўлаўскім саборы існуе сыстэма дазволаў. Калі чалавек мае сапраўды цяжкае становішча, ён прыходзіць да настаяцеля і тлумачыць, і тады настаяцель дае яму дазвол на тое, каб займацца такой дзейнасьцю. Пры некаторых храмах існуюць адмысловыя службы, якія не даюць дазволаў зьбіраць грошы, а кормяць людзей, якім няма чаго есьці.
Чалавек, падаючы міласьціну, пачынае адчуваць сябе лепей.

Максімюк: А як улады ставяцца да гэтай зьявы жабраваньня перад храмамі?

Васілевіч: Што тычыцца Менску, дык, як вядома, Менск у нас чысты горад, і каля помнікаў архітэктуры ці каля храмаў такія людзі псуюць нашым уладам гэтую прыгожую карцінку чыстага гораду. Таму існуе падыход разьбірацца з усімі жабракамі, то бок, людзьмі, якія выглядаюць ня вельмі забясьпечанымі. Іх спрабуюць неяк ізаляваць. Я ня ведаю дакладна, якім чынам гэта робіцца, але часта бачыла, што такіх людзей такога выгляду забіраюць ці то з прыпынкаў грамадзкага транспарту, ці то з-пад нейкіх установаў. Паколькі кантынгент жабракоў каля царквы таксама адносіцца да людзей нізкага сацыяльнага статусу, то зь імі таксама дзяржава разьбіраецца ня проста таму, што яны стаяць каля царквы, а проста таму, што яны вядуць такі лад жыцьця.

Максімюк: А вы самі як ставіцеся да жабракоў?

Васілевіч: У прынцыпе, жабракі выконваюць пэўную функцыю для людзей, у тым ліку і для вернікаў. З аднаго боку, чалавек, падаючы міласьціну, пачынае адчуваць сябе неяк лепей, бо ён адчувае, што ён зрабіў нешта добрае. Зь іншага боку, сацыяльная дзейнасьць як самой дзяржавы, так і Царквы дазваляе гэты працэс аптымізаваць і сапраўды дапамагаць тым, каму трэба, у арганізаванай форме. Гэтак выходзіць больш эфэктыўна, але я асабіста лічу, што нельга забараняць людзям зьбіраць грошы, калі яны гэта робяць у адпаведнасьці з законам і ў адпаведнасьці з правіламі прыстойнасьці.

Гл.таксама:

Жабракі ля храма? Разагнаць!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG