Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Пакараньне Міколы Статкевіча трыма гадамі турмы стала кульмінацыяй арганізаванага ўладамі прэсінгу на палітвязьняў. Ладзіцца таксама жорсткі ціск на Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча, Міколу Аўтуховіча, Зьмітра Бандарэнку. Здаецца, улады ня толькі гэтага не хаваюць, але нават робяць усё дэманстратыўна.

На прэсавай канфэрэнцыі 23 сьнежня Лукашэнку некалькі разоў задавалі пытаньне пра лёс палітзьняволеных. Сэнс яго адказаў быў такі: няхай пішуць прашэньне аб памілаваньні, а я падумаю.


У чым лёгіка такой расправы над вязьнямі? Навошта ўлады імкнуцца маральна зламаць іх?


Улады мяркуюць, што факт напісаньня прашэньня дыскрэдытуе гэтых палітыкаў у вачах дэмакратычнай супольнасьці і электарату. Такім чынам Лукашэнка пазбавіўся б патэнцыйных канкурэнтаў.


Гэта таксама і папярэджаньне Захаду. Маўляў, ня хочаце па-добраму, дык глядзіце, мы можам і па-кепскаму.

Выходзіць, што перамог лідэраў вялікіх дзяржаў, а тут вязьняў перамагчы ня можа

Але найперш расправа над вязьнямі адлюстроўвае асаблівасьці псыхалягічнага стану Аляксандра Лукашэнкі, ягоных уяўленьняў пра сьвет, магчыма, комплексаў.

Ён атрымлівае маральнае задавальненьне, калі бачыць зламанага ворага, калі палітычныя апанэнты альбо проста вядомыя людзі, якія трапілі за краты, просяць яго аб міласьці. Прашэньне аб памілаваньні прапаноўвалі напісаць Паўлу Шарамету, Васілю Старавойтаву, Васілю Лявонаву, Аляксандру Казуліну. Узгадайце, як Аляксандар Лукашэнка захацеў сустрэцца зь Яраславам Раманчуком, паглядзець на яго адразу пасьля вядомага выступу таго па тэлевізіі.


Лукашэнка атрымлівае задавальненьне ад чыёйсьці залежнасьці ад яго. Ягонае ўяўленьне пра ўладу сягае ў сярэднявечча. Беларусь — як удзельнае княства. Караць і мілаваць — гэта найважнейшы атрыбут улады. І размовы пра незалежны суд — гэта замах на ўладныя прэрагатывы правадыра.

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка мае даволі спэцыфічнае ўяўленьне пра палітычную барацьбу. Ён разглядае яе як змаганьне характараў, спаборніцтва сіл волі. Палітыка для яго — гэта барацьба на зьнішчэньне. Галоўнае ў палітыцы — выйсьці пераможцам.


Памятаеце той анэкдот, які расказаў кіраўнік АНТ Кісель на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі 23 сьнежня па настойлівай просьбе прэзыдэнта?

Нагадаю сюжэт: Абама, Мядзьведзеў і Лукашэнка плывуць у лодцы. Узьнікае пытаньне: каму грэбсьці? Прапаноўваецца прагаласаваць. У выніку выбараў перамог Лукашэнка.

Лукашэнка атрымлівае задавальненьне ад чыёйсьці залежнасьці ад яго. Ягонае ўяўленьне пра ўладу сягае ў сярэднявечча

Анэкдот яўна антылукашэнкаўскі. Ён выкрывае «выбары па-беларуску». Але самому Лукашэнку анэкдот спадабаўся. Мала таго, што ён апынуўся ў саліднай кампаніі, але і стаўся там пераможцам, абдурыў кіраўнікоў вялікіх дзяржаў.



Можна яшчэ ўзгадаць ягоныя адказы на правакацыйныя пытаньні Сяргея Дарэнкі. Лукашэнка абурыўся, калі расейскі журналіст параўнаў яго з эўрапейскімі лідэрамі. Ён заявіў: «Усе эўрапейскія лідэры — гэта нішто. Яны ніхто, яны безь яец». У перакладзе на літаратурную мову гэта азначае, што яны слабакі. І сапраўды, столькі гадоў яны ціснуць на Лукашэнку, уводзяць санкцыі, але бяз вынікаў. Ну хіба не слабакі?


Зьвяртаючыся да Расеі, беларускі кіраўнік згадаў, што вось Ельцын быў харызматычны палітык. З гэтай рэплікі можна ўбачыць, што Пуцін і Мядзьведзеў — таксама «безь яец». Колькі разоў яны імкнуліся «нахіліць» Лукашэнку, абвяшчалі газавыя, нафтавыя, малочныя, інфармацыйныя войны.

А які вынік? Вярнуліся да субсыдыяваньня беларускай эканомікі. Слабакі.

Выходзіць, што перамог лідэраў вялікіх дзяржаў, а тут вязьняў перамагчы ня можа. Яны не здаюцца, ня хочуць пісаць прашэньне. Гэта злуе і выклікае жаданьне ўзмацніць ціск.


Але барацьба са зьняволенымі не дадасьць Лукашэнку ніякіх палітычных дывідэндаў нават у вачах ягоных прыхільнікаў. Бо ўсе бачаць тут асабістую помсту, жорсткасьць. І выклікае гэта толькі спагаду да ахвяраў дыктатуры.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG