Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў Heritage Foundation супольна з газэтай «Wall Street Journal» апублікавалі штогадовы рэйтынг эканамічнай свабоды ў сьвеце.

179 краінаў ацэньваюцца ў такіх катэгорыях, як свабода гандлю, свабода вядзеньня бізнэсу, свабода інвэставаньня, правы ўласнасьці. У гэтым рэйтынгу Беларусь 153-я ў сьвеце і перадапошняя ў Эўропе. Камэнтары навукоўцаў і палітыкаў да гэтых паказьнікаў.

Беларуская эканоміка, паводле гэтага рэйтынгу, застаецца ў катэгорыі «рэпрэсаваных». З эўрапейскіх краінаў сюды трапіла яшчэ толькі Ўкраіна. Са сваім 153 месцам Беларусь апынулася побач са Сьера-Леонэ і Лібэрыяй.

Складальнікі рэйтынгу адзначаюць, што ў гэтай групе краінаў з прычыны дрэнных паказьнікаў у разьдзелах «Правы ўласнасьці» і «Свабода ад карупцыі» слабым аказваецца сам падмурак эканамічных свабодаў. Карупцыя застаецца пашыранаю, а рэалізацыю правоў уласнасьці абмяжоўваюць неэфэктыўная юрыдычная сыстэма і бюракратычныя перашкоды.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў «Свабодзе», што яго такія вынікі ня дзівяць:

«Такі вынік гэтага рэйтынгу, дзе Беларусь знаходзіцца амаль у самым нізе, —
у нас правы ўласнасьці фактычна не гарантаваныя дзяржавай

натуральны для нашага тыпу эканомікі. Бо ў нас правы ўласнасьці фактычна не гарантаваныя дзяржавай. Дый сама ўлада нікому не падкантрольная. І тое, што пункт „Правы ўласнасьці“ цягне Беларусь уніз, тлумачыцца тым, што гэта натуральная зьява для падобнай эканомікі, у якой бы краіне яна ні ўжывалася».

Спадар Ягораў зьвяртае ўвагу і на тое, што Беларусь «правалілася» і ў разьдзеле «Свабода ад карупцыі», хоць барацьба з карупцыяй звычайна афішуецца як галоўная справа Аляксандра Лукашэнкі:

«Пры наяўнасьці жорсткага аўтарытарызму ў нас назіраецца даволі высокі ўзровень карупцыі. Звычайна карупцыя зьніжаецца пры больш моцнай структуры дзяржаўнага кіраваньня. У нас жа гэтага не адбываецца, што сьведчыць пра яшчэ адну вялікую хібу ў беларускай сыстэме дзяржаўнага кіраваньня эканомікай».

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч кажа, што любы рэйтынг усё ж носіць «пэўную долю суб’ектывізму»:

бачым сябе і як нас бачаць ...

«Але разам з тым гэта паблісіці. І пэўная грамадзкая думка. І да гэтага трэба ўважліва ставіцца. Я маю на ўвазе, што гэта дае магчымасьць, па-першае, паглядзець, як складваюцца справы ў іншых краінах. І, па-другое, ня лішне будзе паглядзець, а як мы па кірунках, што там пазначаныя, бачым сябе і як нас бачаць».

Анатоль Паўловіч кажа, што ўважліва сочыць за рэйтынгамі. І бачыць, што Беларусь у гэтым конкурсе краінаў за мінулы год крыху падняла свой паказьнік у шасьці зь дзесяці намінацыяў. Дэпутат упэўнены, што праз год вынікі яшчэ палепшацца:

«Таму што наш урад (і прэм’ер, дый кіраўнік дзяржавы) ставіць канкрэтныя задачы. Напрыклад, там ёсьць паказьнік па падатковай палітыцы. У гэтай справе задзейнічаны некалькі міністэрстваў і ведамстваў. І яны ўжо маюць сёньня больш-менш акрэсьленыя даручэньні ў пляне таго, каб гэты рэйтынг стаў вышэйшы».

Бадай, самая галоўная і пакуль нявырашальная задача беларускай эканомікі — прыцягненьне ў яе буйных замежных інвэстыцыяў. А гэта наўпрост зьвязана з такімі рэйтынгамі, падкрэсьлівае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Гэты рэйтынг сапраўды адлюстроўвае тое месца, на якім мы знаходзімся па эканамічнай свабодзе ў сьвеце. І гэта вельмі сумна. Бо менавіта на такія рэйтынгі заўжды глядзяць патэнцыйныя інвэстары. І калі мы і надалей будзем знаходзіцца там, дзе мы цяпер, то і чакаць інвэстыцыяў нам не выпадае.

І яшчэ. З 1 студзеня мы як бы пачалі жыць у Адзінай эканамічнай прасторы. І ў ёй нам неабходна спаборнічаць з Расеяй і Казахстанам за тое, каб менавіта нашае заканадаўства, нашая эканоміка былі больш прывабнымі для інвэстыцыяў. Але пры такіх рэйтынгах чакаць нечага добрага не даводзіцца».
XS
SM
MD
LG