Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня год, як з FM-эфіру зьнікла «Аўтарадыё». Менавіта 12 студзеня 2011-га калектыў радыёстанцыі быў пастаўлены перад фактам згортваньня вяшчаньня.

Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прычынай стаў распаўсюд у эфіры матэрыялаў, якія ўтрымлівалі «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Так чыноўнікі Міністэрства інфармацыі ацанілі тэкст перадвыбарнага роліка кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава — «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчах». Хоць рэклямны шаблён быў растыражаваны і афіцыйнымі СМІ, праблемы ўзьніклі толькі ў «Аўтарадыё».

Юры Базан

Юры Базан

Дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан з жалем канстатуе, што за прамінулы год нічога ў лёсе ні радыёстанцыі, ні калектыву, які выпраўлены ў вымушаны адпачынак, не акрэсьлілася. Ліставаньне з чыноўнікамі Міністэрства інфармацыі ніякага плёну не дае: асаблівага жаданьня вяртаць у эфір «крамольную станцыю» кіраўніцтва ведамства не выяўляе. Пры гэтым, як кажа Юрый Базан, у Міністэрстве сувязі да «Аўтарадыё» ніякіх прэтэнзіяў ня маюць і гатовыя падключыць яго да эфіру, як толькі будзе адпаведны дазвол зь Мінінфармацыі.

Таксама спадар Базан згадвае, што напачатку спрэчная сытуацыя зь Міністэрствам інфармацыі складалася на карысьць «Аўтарадыё». 9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўдным папярэджаньне Міністэрства інфармацыі, а таксама рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. Аднак ужо 17 сакавіка касацыйная калегія таго ж суду адмяніла ранейшае рашэньне, накіраваўшы справу на паўторны разгляд. Наступныя паседжаньні нічога добрага калектыву «Аўтарадыё» не прынесьлі, а 10 траўня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду канчаткова адхіліла скаргу кіраўніцтва радыёстанцыі аб прызнаньні рашэньня спыніць вяшчаньне несапраўдным.
XS
SM
MD
LG