Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, даходы, ніжэйшыя за пражытковы мінімум, у 2010 годзе мелі 5,2% насельніцтва.

І нават у трэцім квартале 2011-га, пасьля абясцэньваньня нацыянальнай валюты і рэзкага падзеньня прыбыткаў, беднасьць узрасла ўсяго да 7,8%. Аднак незалежныя экспэрты аспрэчваюць такую статыстыку. Паводле дасьледаваньня аналітыкаў, гэтыя лічбы значна заніжаныя і не адлюстроўваюць сапраўднага стану рэчаў.

Экспэрты Дасьледчага цэнтру ІПМ і Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова, Аляксандар Чубрык і Глеб Шымановіч у адмысловым дасьледаваньні ацанілі паказьнікі адноснай беднасьці і параўналі лічбы з разьлікамі на падставе афіцыйнай шкалы. Як кажа дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык, у абодвух выпадках паказьнікі адноснай беднасьці атрымаліся блізкія (12,1% насельніцтва для ацэненай шкалы і 13,3% для афіцыйнай), але рызыка апынуцца за рысай беднасьці ў асобных групах моцна залежыць ад абранай параўнаўчай шкалы.

Паколькі адрозьненьні ў агульнай ацэнцы беднасьці — 5,2% абсалютная і 12,1% адносная — і разыходжаньні ў ацэнках рызыкі беднасьці для асобных сацыяльных груп занадта вялікія, каб іх ігнараваць, аўтары прапаноўваюць выкарыстоўваць іхную шкалу і ацэньваць адносную беднасьць на дадатак да афіцыйных разьлікаў, а таксама ўдакладняць склад уразьлівых групаў, каб падвысіць адраснасьць сацыяльнай дапамогі:

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

«Гэтыя ацэнкі дапаўняюць адна адну, і яны абедзьве патрэбныя. Канечне, абсалютная беднасьць — паказьнік, больш актуальны для бедных краінаў, бо гаворка пра тое, што чалавек жыве проста на мяжы выжываньня. Беларусь усё ж не такая краіна, тут гэта не настолькі актуальна. Я разумею, калі, прыкладам, у 1999–2000 гадох беднасьць сягала пад 50%. А цяпер, калі яна 5%, то трэба думаць, якія можна дадатковыя паглядзець паказьнікі, якія характарызуюць беднасьць гэткім жа чынам, як людзі самі характарызуюць. У Беларусі такі цікавы фэномэн. Нацыянальны статыстычны камітэт у сваіх дасьледаваньнях пытаецца ў людзей, як яны ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча. Яны кажуць: як здавальняючае, як кепскае ці як добрае. Калі кажуць, што кепскае, то гэта называецца самаадчуваньне беднасьці, гэткая суб’ектыўная беднасьць. То бок, калі ў нас абсалютная беднасьць сягала пад 50%, то суб’ектыўная беднасьць была ніжэйшая. Людзі ўсё ж параўноўваюць сябе зь іншымі, сваё матэрыяльнае становішча, а ня зь нейкімі абстрактнымі спажывецкімі кошыкамі, як вось, прыкладам, пражытковы мінімум».

У Беларусі параўнаўчая шкала афіцыйна зацьверджаная пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэту і грунтуецца на суадносінах пражытковых мінімумаў для насельніцтва ў розным узросьце. Паказьнік пражытковага мінімуму — рыса так званай абсалютнай беднасьці, бо адлюстроўвае кошт жыцьцёва неабходнага кошыка тавараў і паслуг. Але пры гэтым ён не дае ўяўленьня пра становішча чальцоў асобнай хатняй гаспадаркі ў параўнаньні зь сярэднім узроўнем жыцьця ў краіне. Такім чынам, такі падыход ня ўлічвае аптымальных спажывецкіх паводзінаў, якія можна назіраць на падставе дадзеных выбарковага абсьледаваньня хатніх гаспадарак.

У краінах Эўразьвязу, зазначае спадар Чубрык, у якасьці рысы беднасьці выкарыстоўваецца паказьнік «60% ад мэдыяннага даходу» — то бок даходу, больш і менш за які атрымлівае палова насельніцтва. Гэты падыход дазваляе ацаніць адносную беднасьць, і ў Беларусі яго можна было б выкарыстоўваць на дадатак да афіцыйных ацэнак. Хоць, натуральна, у некаторых выпадках эўрапейскі ўзровень беднасьці — гэта ўзровень высокага дастатку ў Беларусі:

«Вядома ж, рыса ў іх нашмат вышэйшая, чым у нас. Калі ў нас за год 1000 эўра можа быць (а пасьля дэвальвацыі, мабыць, і меней), то ў іх — гэта 5000 эўра і больш на год. Але ж гэта адносная беднасьць, бо ў кожнай краіне свае праблемы. Для іх абсалютная беднасьць неактуальная, яны ня бедныя краіны, і ў іх там абсалютна бедных людзей амаль няма. А ў Беларусі яны ёсьць, і апошнім часам, відаць, іх стала больш, асабліва пасьля ўсіх крызісаў. Але ж 5% — гэта ўсё ж не паказьнік праблемы. Калі мы возьмем лічбы, якія прыводзіць Усясьветны банк — а ён глядзіць беднасьць паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці — то там увогуле ў Беларусі бедных няма, бо меней за 2% атрымліваецца. То бок па гэтых паказьніках Беларусь увогуле ня бедная краіна. Але ці гэта азначае, што ў нас наагул няма праблемаў? Відавочна, ёсьць, і, відавочна, ёсьць групы, для якіх існуе рызыка трапіць за рысу беднасьці».

Як удакладняе спадар Чубрык, у выпадку Беларусі асабліва заўважная розьніца — у выпадку адзінокіх пэнсіянэраў, узровень адноснай беднасьці сярод якіх паводле ацэненай шкалы складаў 23,8%, а паводле афіцыйнай — толькі 9,7%. Рызыка беднасьці для адзінокіх людзей вышэйшая за сярэднюю — ці то гэта пэнсіянэры, ці то адзінокія бацькі, ці проста людзі працаздольнага веку.
XS
SM
MD
LG