Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: з калёніі — у турму


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

12 студзеня ў Шклоўскай калёніі № 17 адбыўся суд над палітвязьнем, былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаем Статкевічам. Паводле пастановы судзьдзі Віталя Волкава? палітыку зьменены рэжым утрыманьня ў няволі. Тры гады ён правядзе ў турэмных умовах. Судзьдзя такім чынам задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі на ўзмацненьне ўмоваў адбыцьця пакараньня для Статкевіча як нібыта злоснага парушальніка рэжыму ў калёніі.

На судовае паседжаньне ў калёнію не дапусьцілі жонку Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч — толькі адваката. Спадарыня Адамовіч чакала вестак з суду разам з журналістамі й праваабаронцамі за дзьвесьце мэтраў ад будынка калёніі. Падыходзіць бліжэй не дазвалялі яе супрацоўнікі.

«Гэта не судовы ў наўпроставым разуменьні працэс, а закрыты працэс у калёніі па зьмене рэжыму адбыцьця пакараньня. Там нават прысуду як такога, як я разумею, ня будзе, а будзе нешта накшталт прадпісаньня. Судзьдзя Волкаў. Калі б нейкая надзея на сумленнасьць была, то гэты суд проста не адбыўся б. Перакрытыя падыходы да калёніі. Адваката сустрэлі і, можна сказаць, з ганаровым эскортам павялі, а мне прапанавалі пакінуць тэрыторыю стаянкі», — пракамэнтавала, як толькі прыехала да калёніі, Марына Адамовіч.

Тым часам за журналістамі й праваабаронцамі неадступна хадзілі маладыя хлопцы ў цывільным. Стаянку перад калёніяй перагарадзілі аўтамабільным фургонам з прычэпам. Уезд на яе быў забаронены. З рацыяў ахоўнікаў гучала: «Няма чаго ім хадзіць тут. Забароненая зона. Будуць пратэставаць — выклікайце міліцыю». Удалечыні ад калёніі стаяў і аўтазак.

Чакаць адваката давялося каля дзьвюх гадзін. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў, але пагутарыў з Марынай Адамовіч. Яна й распавяла пра вынікі суду:

«Прынятае чаканае рашэньне судзьдзёй Волкавым, якім ён задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі аб пераводзе Мікалая Статкевіча на турэмны рэжым на тры гады як злоснага парушальніка рэжыму. Ня варта казаць пра тое, што такое рашэньне судзьдзя прыняў не самастойна — выканаў рашэньне, якое яму было прадыктавана зьверху. Я ўжо даўно казала, што правасудзьдзе памерла. На жаль, самастойнасьці нашай судовай сыстэмы даўно няма».



Прысуд Мікола Статкевіч успрыняў мужна, зазначыла Марына Адамовіч.
Мікола ня зьменіць сваёй пазыцыі — я абсалютна ў гэтым упэўненая.

«Мікола ня зьменіць сваёй пазыцыі — я абсалютна ў гэтым упэўненая. Безумоўна, ніякіх прашэньняў такім чынам ніхто не даб’ецца. У свой час Мікола напісаў мне ў лісьце: „Я ўтрымліваюся ў турме бандай злачынцаў, і скардзіцца юрысту гэтай банды на дзеяньні яе чальцоў лічу непрымальным“».

Марына Адамовіч ня стала гаварыць пра далейшыя дзеяньні, зьвязаныя з прысудам мужу. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае абскарджваньня падобных судовых рашэньняў. Што да зваротаў да міжнароднай супольнасьці, то яна зазначыла:

«Усё, што ад нас будзе залежаць, мы рабіць будзем. Але, на жаль, у міжнароднай супольнасьці гэтак жа мала мэханізмаў уплыву на сёньняшні беларускі рэжым, як і ўнутры краіны».
XS
SM
MD
LG