Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг эканамічнай свабоды: Беларусь 153-я ў сьвеце


Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў Heritage Foundation супольна з газэтай Wall Street Journal апублікавалі штогадовы рэйтынг эканамічнай свабоды ў сьвеце.

У ім 179 краінаў сьвету ацэньваюцца ў такіх катэгорыях, як свабода гандлю, свабода вядзеньня бізнэсу, свабода інвэставаньня, правы ўласнасьці.

Першае месца ў рэйтынгу 18-ты год запар займае Ганконг. Беларусь, набраўшы 49 балаў, займае ў рэйтынгу 153-е месца. Суседзі Беларусі: у катэгорыі «Пераважна свабодных» – Літва (23), «Памяркоўна свабодных» – Латвія (56), Польшча (64), сярод «Пераважна несвабодных» – Расея (144). У «Рэпрэсаваныя» эканомікі разам зь Беларусьсю трапіла і Ўкраіна (163).

У параўнаньні зь мінулым годам паказьнік Беларусі палепшыўся на 1,1 бала, дзякуючы паляпшэньню паказьнікаў па 6 з 10 відаў эканамічных свабодаў, улучна з узроўнем дзяржаўных выдаткаў і манэтарнай свабодай. Сярод 43 краінаў Эўропы Беларусь заняла 42-е месца.

Нягледзячы на пэўны прагрэс, беларуская эканоміка застаецца ў катэгорыі «рэпрэсаваных» – туды з эўрапейскіх краінаў трапіла яшчэ толькі Ўкраіна, заняўшы апошняе 43-е месца. З-за дрэнных паказьнікаў у разьдзеле «Правы ўласнасьці» і «Свабода ад карупцыі» сам падмурак эканамічных свабодаў застаецца слабы. Застаецца пашыраная карупцыя, а рэалізацыя правоў уласнасьці абмяжоўваецца неэфэктыўнай юрыдычнай сыстэмай і бюракратычнымі перашкодамі.

Ва ўмовах усеабдымнага дзяржаўнага кантролю і ўмяшаньня ў эканоміку, у Беларусі назіраецца недастатковая рэгуляцыйная эфэктыўнасьць і гнуткасьць. Агульны прагрэс эканамічных рэформаў быў няроўны, невялікі прыватны сэктар застаецца маргіналізаваным. Адсутнічае ясная палітыка, неабходная для пашырэньня адкрытасьці рынку і павышэньня прадукцыйнасьці, што падрывае канкурэнтаздольнасьць і рост дынамічнага інвэставаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG