Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку судзяць па адміністрацыйнай справе


Сяргей Каваленка ў залі суду.

Сяргей Каваленка ў залі суду.

У Першамайскім райсудзе Віцебску працягваецца працэс над сябрам КХП БНФ, які 25-ты дзень трымае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары.

16.00 У працэсе выступіў адвакат Пётар Каваленка. Ён прасіў суд спыніць справу, бо ў яе матэрыялах няма відавочных доказаў віны пасдсуднага. Сяргей Каваленка хадайнічаў, каб супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў праверылі на дэтэктары хлусьні, бо яны далі суду непраўдзівыя паказаньні. Але судзьдзя адхіліла гэтае хадайніцтва абвясьціла яшчэ адзін перапынак — да 16.40. Пасьля перапынку мае быць агучана судовая пастанова.

15:15 Пасьля перапынку аднавіўся адміністрацыйны працэс над Сяргеем Каваленкам. Другая брыгада хуткай дапамогі, якую выклікалі ў суд сваякі апазыцыянэра, таксама пацьвердзіла, што стан здароўя Каваленкі дазваляе яму быць удзельнікам працэсу. Сяргея зноў зьмясьцілі ў «клетку», ён дае паказаньні стоячы, хаця судзьдзя дазволіла яму сядзець.

13:00 У судзе аб’яўлены перапынак. Маці і жонка Сяргея зноў выклікалі «хуткую», бо не давяраюць высновам лекараў, якія прыяжджалі раней. Сваякі мяркуюць, што стан Сяргея кепскі. Працэс адкладзены да 15-й гадзіны.

12:10 Працэс аднавіўся. Судзьдзя Вольга Іванова паведаміла выснову лекараў хуткай дапамогі, што стан Каваленкі здавальняючы, каб браць удзел у працэсе. Сяргей гаворыць ціха й марудна. Судзьдзя дазволіла яму гаварыць седзячы. Але ён адмовіўся.

10:55 Каваленку выклікалі «хуткую» ў суд. Судовае пасяджэньне перапынілася. Каваленка скардзіцца на кепскае самаадчуваньне, баліць галава і сэрца. Маці выдалілі з залі пасяджэньня, бо яна ўголас заявіла, што зь яе сына зьдзекуюцца.


Актывіст ужо цягам чатырох пасяджэньняў спрабуе абвергнуць абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы паводле заявы супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў Першамайскага РАУС. Калі яго прызнаюць вінаватым, гэта можа стаць яшчэ адным аргумэнтам супраць актывіста ў ягонай крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня».

Каваленку вінавацяць у парушэньнях рэжыму падчас «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за тое, што 7 студзеня ён вывесіў на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле гэтага артыкула актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

На час сьледзтва па крымінальнай справе, тры тыдні таму, Сяргея Каваленку арыштавалі і ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары.

Сваякі й сябры Сяргея Каваленкі чакалі сёньняшняга суду, бо гэта адзіная магчымасьць убачыць зьняволенага на ўласныя вочы і ацаніць стан ягонага здароўя. Cпатканьняў зь ім не дазваляюць, і кіраўніцтва СІЗА прыхоўвае інфармацыю пра актывіста. Толькі 11 студзеня маці Сяргея Каваленкі выпадкова даведалася ад дзяжурнага спэцустановы, што сын ужо тыдзень знаходзіцца ў карцэры. Прычыны пераводу ёй не паведамілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG