Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэклямны кансультант Юлія Ляшкевіч і дызайнер Baba-Zhaba стварылі “Турэмны каляндар”, каб дапамагчы зразумець адчуваньне часу ў зьняволеньні. Каляндар мае нагадваць людзям на волі пра палітвязьняў і ўсіх несправядліва зьняволеных у Беларусі.

Пра ідэю і сэнс календара мы пагаварылі з аўтаркай Юліяй Ляшкевіч.

РС: Адкуль прыйшла ідэя стварэньня такога календара? Што стала непасрэдным імпульсам?

Юлія Ляшкевіч: Я памятаю свае адчуваньні падчас судовых працэсаў за Плошчу, калі ўсе чакалі – колькі папросіць пракурор. Бо ўсе разумелі, што прыблізна столькі і дадуць, ну, можа на год меней.

Паспрабую растлумачыць гэтыя лічбы. Я вельмі добра ўяўляю сабе цану часу. Сёньня пяць гадоў, як няма маёй мамы, журналіста Анны Ляшкевіч. Нам сказалі, што мама пражыве 3 месяцы, а мы вырвалі 3 з паловай гады. Гэта як адзін ня самы буйны прысуд. Гэта нечае жыцьцё, гэта не абстракцыя.

І мне проста захацелася вельмі канкрэтна паказаць, што вось: дзень і дзень, і яшчэ дзень. Бачна, аб'ёмна, відавочна. І гэта – нечае жыцьцё, дзень за днём. Рысачкі – вельмі пазнавальны сымбаль, і мы зрабілі такую інтэрпрэтацыю.

І яшчэ мне хацелася, каб гэты каляндар быў рабочым, каб людзі закрэсьлівалі рысачкі і не забываліся. Во ведаеце, вельмі небясьпечна, калі б людзі перасталі адчуваць вастрыню несправядлівасьці, што адбылася зь імі, з усімі намі.

РС: Ці вы спадзеяцеся, што на тое, што гэты каляндар некалі стане непатрэбны?

Юлія Ляшкевіч: Так. Пакуль мы яго рабілі, я ўвесь час думала – ну добра, а раптам выйдзе так, што мы дарэмна яго робім? Гэта было б крута! Асабліва, калі на Каляды прайшлі чуткі, што яшчэ людзей выпусьцілі...

РС: А вы не баіцеся каго-небудзь ці чаго-небудзь? Бо ва ўмовах Беларусі гэта ўжо амаль палітычная акцыя...

Юлія Ляшкевіч: Не баюся. У Фасбіндэра ёсьць такі фільм – «Страх зьядае душу». Нельга баяцца. І я не саромеюся таго, што я раблю.

СПАМПАВАЦЬ КАЛЯНДАР (jpg, 3,7 MB)




Юлія Ляшкевіч закончыла журфак БДУ. Яна – аўтар і рэжысэр рэклямных ролікаў «Ядаваная соль», «Чалавек вынайшла кола», «Мазда – дакрананьне», «АВС – гэта маянэз», «Дата – 1864». Зьняла сэрыю ролікаў для дзіцячага фонду ААН ЮНІСЭФ і ролік з Максімам Мірным для праграмы ААН супраць СНІДу. Аўтар праекту і кліпа да 60-годзьдзя ЮНІСЭФ з удзелам Ларысы Грыбалёвай, Тамары Лісіцкай, Ксеніі Мінчанка і Зьмітра Вайцюшкевіча.

Займала прызавыя месцы на міжнародных фэстывалях рэклямы ў Кіеве і Маскве.

Пад псэўданімам Baba-Zhaba хаваецца дызайнэр, які працуе на найбуйнейшых камэрцыйных замоўнікаў, а таксама робіць праекты на добраахвотных пачатках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG