Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ехаць пра праспэкце Дзяржынскага ў цэнтар з Паўднёвага Захаду, дык перад Другім кальцом з правага боку перад вачыма тралейбусных пасажыраў адкрываецца дзіўны малюнак. Нізіна патанае ў моры зеляніны, адкуль сям-там выглядаюць дахі дыхтоўных двухпавярховых дамкоў, рознакаляровых, пабудаваных па індывідуальных праектах, дзе людзі зьбіраліся жыць не адно стагодзьдзе.

І калі сысьці на прыпынку і заглыбіцца ў тыя кварталы, дык вачам адкрыецца зусім рэдкая для мэгаполіса карціна. Шырокі яр, парослы дрэвамі, нібы высахлае рэчышча вялікай ракі. А па краях гэтага яра стаяць разнастайныя дамы. Драўляныя, амаль вясковыя, хаты суседнічаюць з франтаватымі катэджамі.

З боку гэтага яра ёсьць лагчынка, празь якую перакінута пара мосьцікаў. Па ўсім відаць, некалі тут сапраўды цёк ручай. Краявід вакол вельмі рамантычны. І вуліцу, якая прымыкае да гэтага яра, можна назваць адной з найпрыгажэйшых вуліц сталіцы. Хоць яе назва асацыюецца зусім не з прыгажосьцю. Гэта вуліца Акрэсьціна. Вось жа як не пашанцавала лётчыку і герою Савецкага Саюзу, што яго імя прывязанае да турмы.


Зрэшты, і сквэр таксама мае сваю народную назву. Якая ніколі ня стане афіцыйным тапонімам. Пра гэта мне распавяла вясёлая кабета Люба, чыя бурная маладосьць прайшла ў гэтым рамантычным месцы.


— На Акрэсьціна, там такі сквэр, парк.

— П’яны.

— Яго так называлі, П’яны сквэр?

— Так.

— А чаму?

— Таму што там усе пілі. А побач прымалі бутэлькі. Вось нап’ем віна. Віно 97 капеек, бутэлька — 12. Нап’ем, здадзім, ізноў бутэлька.

— А пілі мірна ці з бойкамі?

— Мірна. Не было ні гвалтаваньняў, ні прыставаньняў. Ну там, калі спадніцу ўжо задзярэ… Атмасфэра была душэўная. Калі ў школу не ідзем, то ўсім клясам.

— Там жа нейкая лагчына. Там што, рэчка цякла?

— Так. А там, дзе пабудавалі «Глоба», быў выцьвярэзьнік. А насупраць выцьвярэзьніка сталовая была. З кафэтэрыем, дзе прадавалі віно на разьліў. Быў бар. Лічыўся ў нас круты. Стойка, крэслы.

— Дык можна было жыць.

— Поле, мы ў футбол тут гулялі. Ваявалі.

— З кім ваявалі?

— Зь Серабранкай. Два кланы было. Грушаўка і Серабранка. Біліся тут вусьмерць. Гэта зараз у нас абы-што. Замкі ў брамках. Каб калючы дрот вісеў на плоце? Усе мы кучкаваліся вось тут, на полі. А зараз сустракаемся толькі на пахаваньні.

Люба з такім замілаваньнем узгадвала месцы, дзе можна было выпіць, як вернік згадвае месцы былых пілігрымак. Любу можна назваць шчасьлівай. Бо яе ўспаміны напоўненыя радасьцю. Чаго ня скажаш пра 80-гадовую Юзэфу Ласінскую, чыё дзяцінства прайшло на Ўрале. Туды ўсю сям’ю саслалі ў 30-я.


— Я заўралка былая.

— З-за Ўрала?

— Тату наказалі былі.

— Бацьку саслалі?

— За харошую работу атрымаў няўготу. У мяне дакумэнт ёсьць, што несправядліва ён высланы. Рэабілітацыя. Я яшчэ маленькая была. Нічога ня памятаю. У Каме танула. Тату ў сем гадоў страціла.

Хата пані Юзэфы атынкаваная і акуратная. Адразу нават ня скажаш, што яе паставілі з будаўнічага сьмецьця.

— Мы зь дзедам дом пабудавалі з каменьчыкаў.

— З каменьчыкаў?

— Каменьчыкі на сьметніку зьбіралі. І будавалі хату.

— Вы іх мяшалі з бэтонам?

— З бэтонам, так.

На стале старой Юзэфы ляжыць грамата, якой яе з нагоды 80-годзьдзя ўзнагародзіла раённая адміністрацыя. Старая, якая ўсё жыцьцё адпрацавала ў абутковай майстэрні, рада і такому клопату дзяржавы.

— А зараз даслалі 150 тысяч з работы маёй. Яны мяне не забываюць, кожны год мяне ўзнагароджваюць. У мяне ж ордэн Працоўнай славы. Я так трэслася, калі мяне выклікалі ў Дом ураду. Ордэн уручыў мне Сурганаў!


Яўген Шаршнёў і яго жонка Галіна жывуць у двухпавярховіку на ўскраіне П’янага сквэру. Былы будаўнік, Яўген Пятровіч сам будаваў гэты дом. Гэтаму невысокаму, каржакаватаму старому неўзабаве 80. Яго жыцьцё магло скончыцца яшчэ ў дзяцінстве. Ён быў вязьнем Азарыцкага лягера сьмерці.


— Нас вызвалілі нашы войскі. Але нас заражалі тыфам там. Зьбіралі тыфозьнікаў. Немцы былі ў гумовых ботах, плашчы гумовыя. Заразілася там вельмі многа людзей. Начальнік лягера казаў, што «мы людзей заразілі, а цяпер хай армія савецкая прыйдзе ў лягер. І армію заразім». Яго прагнозы апраўдаліся трохі. Многа арміі выведзена было са строю.

— Вы, дзякуй Богу, не заразіліся.

— Не.

А старая Галіна кажа, што прыгожы сквэр, дзе дрэвы садзілі самі жыхары раёну, з гадамі губляе сваю назву. Ён ужо даўно ня п’яны.


— Колькі алкашоў было. А па гэтым сквэры яны і ляжалі былі. Пойдуць, набяруць і ляжаць тут.

— А зараз ужо не ляжаць п’яныя?

— Ня бачна ўжо. Хто паўміраў. Яны ж былі ўсе адпітыя. Маладыя. Па 50 гадоў жанчыны — ужо не назавеш яе жанчынай. Паўміралі. Пасьпіваліся. Страшна глядзець. Тут жа многа дамоў пазносілі ўжо. На Акрэсьціна, на Талаша. Ехала сёньня, стаяў дом. Ужо дома няма.

— А вам шкада гэтых дамоў?

— Я ўжо і гэтага дома не шкадую. Памыцца ж мы ня зможам добра.

— Абяцалі, што нікуды высяляць ня будуць, на месцы і кватэры пабудуюць. Калі б гэта так было! Але абяцаньні начальства ніколі не выконваюцца.

Малады чалавек рамантуе машыну на сваім падворку. Ён, у адрозьненьне ад сваіх суседзяў, нарадзіўся тут, на Акрэсьціна. І, мяркуючы па ўпэўненым позірку, проста так выяжджаць адсюль не зьбіраецца.

— Усё залежыць ад інвэстара. Што інвэстар прапануе.

— А людзі настроены як? Змагацца за правы?

— Людзі настроены, каб было ўсё добра. Калі, як на суседніх вуліцах, беларускі інвэстар, то хай яны там самі жывуць. Глінабіткі ў панэльных дамах, у лепшым выпадку. Я з цэнтру паеду. Мне больш рабіць няма чаго. Хай тут даюць, альбо дом за пяць кілямэтраў ад Менску.

— А гэты сквэр, яго па-ранейшаму называюць П’яны сквэр?

— Так. Назва засталася.

Зараз з інвэстарамі настала праблема. І жыхары Акрэсьціна пераводзяць дух. Для іх слова «крызіс» мае не такі самы сэнс, як для астатніх. Крызіс дае магчымасьць пажыць хоць які час у сваіх дамах.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG