Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінец: Мы — прапрэзыдэнцкі саюз


Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец
Кіраўніцтва праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі правяло прэсавую канфэрэнцыю з нагоды абвяшчэньня 2012 году Годам кнігі. На ёй прагучала шмат выказваньняў і меркаваньняў: пра тое, чаму вось ужо 17 гадоў ніводнаму літаратару не прысвойвалася званьне народнага паэта альбо пісьменьніка, хто фінансуе творчыя саюзы.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец чарговым разам паўтарыў, чаму ў Беларусі дагэтуль няма вуліцы Быкава і хто ў гэтым вінаваты:

«Калі б ня ўмешваўся Някляеў са сваімі палітычнымі лёзунгамі ў дачыненьні да Быкава, мы, напэўна, ужо мелі б вуліцу імя Быкава. Таму што мы значна раней за яго, і ён ведаў пра нашы прапановы, унесьлі прапановы прадуманыя і па вуліцы».

Старшыня другой пісьменьніцкай арганізацыі, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — Барыс Пятровіч пракамэнтаваў заяву Чаргінца такім чынам:

«Прайшло ўжо больш за 7 гадоў з дня сьмерці Васіля Ўладзімеравіча, і за гэты час дзяржава не зрабіла нічога дзеля ўшанаваньня яго памяці. І вінаваціць у гэтым кампанію „Гавары праўду“, і вінаваціць у гэтым Уладзімера Пракопавіча Някляева, які вельмі шмат робіць дзеля памяці Быкава і спрабуе нешта зрабіць, прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў, — ну гэта проста незразумела».

Зьдзівіўся спадар Чаргінец і таму, што надбаўка дзяржавы за званьне «народнага» — 3 базавыя велічыні, сёньня гэта 105 тысяч. На пытаньне Радыё Свабода, чаму за 17 гадоў у Беларусі не прысвоена званьне «народнага» ніводнаму літаратару — няўжо няма годных? — спадар Чаргінец адказаў так:

«Мы за тое, каб гэтае званьне, канечне ж, было. Таму што вельмі горка, калі прысвойваюць „народных“ мастакам, артыстам. А пісьменьнікаў быццам бы і няма народных. Альбо не народныя... Я лічу, што ў нас у Беларусі можна было б лёгка вылучаць ужо сёньня на такое высокае званьне... Скажу вам, напрыклад, каго, дык пакрыўдзім іншых».

Сябе спадар Чаргінец адносіць да рускамоўных пісьменьнікаў, якія змагаюцца за тое, каб разьвівалася беларуская мова. На апошнім зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ён нават частку свайго дакладу прачытаў па-беларуску. Беларускую мову галоўны пісьменьнік краіны бараніў, мяшаючы расейскія і беларускія словы:

«Эта проблема нас волнует не меньше тех, кто кричит за белорусскую мову. Я вам скажу без ляманта: ошибка пісьменьнікаў из того Союза у тым, што яны на палітычныя моменты выдвигают свои патрэбы „давайце размаўляць па-беларуску“. Вы помните, была поговорка: кто не пишет, не говорит по-белорусски — „чемодан, вокзал, Москва“. Этот лозунг был выдвинут нашими белорусскоязычными некоторыми писателями».
Я вам скажу без ляманта: ошибка пісьменьнікаў из того Союза у тым, што яны на палітычныя моменты выдвигают свои патрэбы „давайце размаўляць па-беларуску“.

Спадар Чаргінец зноў паўтарыў сваю ідэю арганізаваць на прадпрыемствах, у працоўных калектывах курсы беларускай мовы і нават адпускаць людзей з працы на іх.

Даволі рэзкія выказваньні прагучалі з вуснаў Чаргінца і на адрас калегаў зь іншага пісьменьніцкага саюзу:

«Нас абвінавачваюць: прадзяржаўны, прапрэзыдэнцкі саюз. Мы пацьвярджаем: так, мы — прадзяржаўны, мы — прапрэзыдэнцкі саюз. Але мы маем на 100% права сказаць сваім калегам зь іншага саюзу, якія спрабуюць вось такім чынам нас прынізіць: што вы — пралітоўскія, вы — прапольскія, вы — пранямецкія. У вас там рахункі, і вы там грошы атрымліваеце. А мы стараемся не выкарыстоўваць сродкі бюджэту, шукаем спонсараў, іншыя формы. Вось нядаўна зьезд правялі на пазабюджэтныя сродкі».

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч кажа, што вельмі непрыемна і брыдка чуць гэта ад такога нібыта сур’ёзнага чалавека:

«Такія словы абавязкова павінны пацьвярджацца фактамі і грунтавацца на фактах. Ніякіх рахункаў за межамі Беларусі ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў няма, і ніякай дапамогі ні з Польшчы, ні зь Літвы, ні зь Нямеччыны наш саюз не атрымлівае. З 2002 году мы ня маем ніякай падтрымкі і ад нашай любімай дзяржавы. З нашага бюджэту, на які працуюць у тым ліку і пісьменьнікі з нашай арганізацыі, не атрымалі ні капейкі».

На пытаньне карэспандэнта «Звязды», якія кнігі Чаргінец трымае ў сябе на стале, каго перачытвае, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі адказаў так:

«Ёсьць кнігі, якія я хацеў бы трымаць у сябе на стале, напрыклад, Карнэгі. На жаль, гэта кніга не беларуская. Скажу шчыра, як старшыня Саюзу пісьменьнікаў, які ня мае выходных дзён — мне цяжка чытаць кнігі ўсе запар».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG