Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве ў адзінаццаты раз ТБМ правяло «Беларускае пяціборства»


Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі

11 студзеня ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова адбылося інтэлектуальнае спаборніцтва для вучняў старэйшых клясаў «Беларускае пяціборства». Сёлета яно прайшло адзінаццаты раз. Як і ў папярэднія гады, яго арганізавала й правяла абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы.

Паводле ініцыятара Міхася Булавацкага, у сёлетнім «Пяціборстве» ўзялі ўдзел трыццаць вучняў з розных мясьцін Магілёўшчыны. Традыцыйна ўдзельнікам прапаноўваліся заданьні па матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры й мове. Адказы вучні меліся падаваць на беларускай мове, якасьць якой улічваецца пры падвядзеньні вынікаў.

Булавацкі: «Першае месца заняла Наста Жыркевіч з Бабруйскай гімназіі № 3. Акрамя таго ў Насты тры спэцыяльныя прызы — „За найлепшы разьвязак матэматычнай задачы“, „За найлепшы адказ па гісторыі“, і ўзровень валоданьня беларускай мовай у яе быў найлепшым. Другое месца заняла Алена Храпко з той жа Бабруйскай гімназіі № 3. Трэцяе месца заняў вясковы хлопец Ягор Лаўрэнаў з Пудаўняў Дрыбінскага раёну.

Трэба сказаць, што з мовай і літаратурай зусім сёлета кепска. Па літаратуры нават не прызначалі спэцпрыза, бо не знайшлося больш-менш добрага адказу. Амаль ня ведаюць вучні беларускай літаратуры. Мова таксама слабая. Сытуацыя зразумелая: на веданьне мовы не нацэлена кіраўніцтва нашай краіны. Таму на гэта не нацэленыя й навучальныя ўстановы».

На «Беларускае пяціборства» запрашаюцца ўдзельнікі школьных прадметных алімпіядаў. Пераможцаў ганаруюць дыплёмамі й каштоўнымі падарункамі.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Летась у «Пяціборстве» ўдзельнічала найбольш вучняў — сорак два.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG