Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое муляраў з брыгады Паўлоўскага адклікалі свае подпісы


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

11 студзеня з брыгадай муляраў акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд», якая заявіла пра гатоўнасьць звольніцца, калі ня будзе працягнуты кантракт зь іхнім калегам Аляксеем Паўлоўскім, сустрэліся прадстаўнікі адміністрацыі й прафкаму. Пагутарылі яны і з журналістамі. Журналістам паказалі заявы ад двух муляраў, якія адклікалі свае подпісы пад калектыўнай заявай у падтрымку Паўлоўскага.

Як вынікае зь іхніх тлумачэньняў, яны падпісаліся пад ёй, бо іх у гэтым пераканаў Паўлоўскі. Між тым брыгадзір Аляксандар Сьпірыдонаў не зьбіраецца адклікаць свайго подпісу. Сваю пазыцыю ён патлумачыў гэтак:

«Калі нашу просьбу не задаволяць, то бок не працягнуць кантракт з Паўлоўскім, я таксама ня буду яго працягваць. Гэта маё права. Калі адміністрацыя захоча, няхай звальняе. Мы хочам, каб Паўлоўскі застаўся працаваць, бо ён добры спэцыяліст. Ціску на нас ніякага няма з боку адміністрацыі. З прафсаюзу я выходжу. Заставацца ў ім я ня бачу сэнсу».

Паводле прадстаўнікоў адміністрацыі, Аляксей Паўлоўскі перад зьяўленьнем заявы адпрацаваў у брыгадзе толькі адзін дзень. Яго перавялі на аб’ект у пасёлку Вейна з будоўлі дрэваапрацоўчага камбінату ў іншым раёне гораду на лягчэйшую працу па стане здароўя. Што да спыненьня зь ім працоўных адносінаў, то, як было заяўлена, да яго як да спэцыяліста ёсьць прэтэнзіі. Неўзабаве на прадпрыемстве будзе атэстацыя, якая выявіць, ці дазваляюць яго навыкі мець 5 разрад. Да кіраўніцтва Паўлоўскі не зьвяртаўся, каб зь ім працягнулі працоўныя адносіны.

Прадстаўнікі адміністрацыі заявілі, што цякучасьць кадраў на прадпрыемстве мінімальная, а сярэдні заробак сягае трох мільёнаў рублёў.

На пытаньне журналістаў, ці будзе аказвацца ціск на тых працаўнікоў, якія не адракліся ад подпісаў у падтрымку Паўлоўскага, прадстаўнікі адміністрацыі запэўнілі, што ня будзе.

Працоўны кантракт з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксеем Паўлоўскім сканчаецца 10 лютага. Паўлоўскаму ўжо паведамілі, што працягваць працоўныя адносіны адміністрацыя зь ім ня будзе.

Брыгада муляраў зь пятнаццаці чалавек склала калектыўную заяву на імя дырэктара акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» Леаніда Балдэнкі з патрабаваньнем працягнуць з Паўлоўскім кантракт. Калі гэтага не адбудзецца, заяўнікі пагражаюць па сканчэньні сваіх кантрактаў звольніцца на знак салідарнасьці з Паўлоўскім, які пацярпеў, баронячы правы працоўных. Акрамя таго, муляры заявілі, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG