Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка — у карцэры віцебскага СІЗА


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Дагэтуль жонцы актывіста казалі, што зьняволенага проста перавялі ў адзіночную камэру. Праўда высьветлілася, калі ў Сяргеевай маці не ўзялі перадачу.

Лідзія Каваленка, маці арыштаванага сябра КХП БНФ, хацела перадаць у СІЗА цёплыя рэчы, бо ў лісьце Сяргей Каваленка напісаў, што мерзьне. Актывіст 24-я суткі трымае галадоўку пратэсту, бо ня згодны з крымінальным абвінавачаньнем, паводле якога яго трымаюць пад вартай.

Маці Сяргея Каваленкі сустрэлася з прадстаўніком адміністрацыі СІЗА, але той адмовіўся назваць прычыну, дзеля якой актывіста перавялі ў карцэр:

«Я спытала, ці сын нешта парушыў? Але начальнік мне заявіў, што нічога мне тлумачыць ня будзе, а пра прычыны будзе паведамляць толькі свайму кіраўніцтву. Яшчэ я сустрэлася з мэдработнікам. Той параіў, каб я напісала нейкую паперу, што прашу Сяргея спыніць галадоўку. Я нічога пісаць ня стала, бо ня веру гэтым людзям — чамусьці яны ня кажуць усю праўду».

Пра тое, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў асобным памяшканьні, казаў і адвакат актывіста. Але тое, што гэта ня камэра-адзіночка, а карцэр, высьветлілася толькі зараз, хоць зьняволены там ужо сёмыя суткі.

Жонцы актывіста Алене Каваленцы спатканьняў з мужам не даюць. Яна абураная яшчэ й тым, што ў СІЗА прыхоўваюць інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня Сяргея.

12 студзеня да 10:30 зьняволенага павінны прывезьці ў Першамайскі райсуд — там мае адбыцца працяг разбору па адміністрацыйнай справе, ініцыяванай супраць Сяргея Каваленкі супрацоўнікамі інспэкцыі па выкананьні пакараньняў. Актывіст ужо на працягу чатырох пасяджэньняў спрабуе абвергнуць абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы.

Калі яго ўсё ж прызнаюць вінаватым, гэта можа стаць яшчэ адным аргумэнтам супраць актывіста ў ягонай крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня». Каваленку вінавацяць у парушэньнях рэжыму падчас «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за тое, што 7 студзеня ён вывесіў на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле гэтага артыкула актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG