Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі ўнівэрсытэт: эўрапейскі вэктар зь неўязным рэктарам


Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Чарговы скандал у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце — прарэктар Канстанцін Красоўскі публічна выказаў нязгоду з палітыкай, якую праводзіць рэктар Мечыслаў Часноўскі.

Канстанцін Красоўскі быў шостым прарэктарам за дзевяць гадоў рэктарату Мечыслава Часноўскага.

Канстанцін Красоўскі сышоў з пасады, на якой лічыўся правай рукой рэктара. Цяпер ён працуе шараговым выкладчыкам і ад інтэрвію адмаўляецца. Гэты выпадак — ня першы ў Берасьцейскім дзяржаўным ўнівэрсытэце, калі выкладчык не знайшоў агульнай мовы з кіраўніцтвам.

Доктар філязофскіх навук, прафэсар, былы дэкан гістарычнага факультэту Іван Акінчыц кажа, што пакінуў гэту ВНУ з падобных прычынаў:

«Красоўскі выклаў на паседжаньні рады ўнівэрсытэту прычыны свайго сыходу. Яго як сумленнага чалавека турбаваў далейшы лёс унівэрсытэту. І ён, пабачыўшы, што робіцца, выклаў прычыны і сышоў».

Прафэсар тлумачыць, што галоўная прычына сыходу і яго, і Красоўскага, і многіх іншых выкладчыкаў — палітыка, якую праводзіць рэктар Мечыслаў Часноўскі. Сярод прычынаў, з-за якіх сыходзяць выкладчыкі, прафэсар Акінчыц вылучае тое, што выкладчыкі мусяць найперш падабацца адміністрацыі, а не займацца непасрэднымі абавязкамі. Акрамя таго, суразмоўца кажа, што ва ўнівэрсытэце стала вельмі непразрыстай фінансавая сыстэма, нізкія заробкі. Гэта вядзе, як ён кажа, і да падзеньня ўзроўню выкладаньня. Пэрыяд рэктарату Мечыслава Часноўскага прафэсар Акінчыц называе «пэрыядам развалу»:

«Ён прыехаў сюды як пратэжэ вялікіх людзей. З пасады намесьніка дэкана факультэту адразу стаў рэктарам. Людзі, якія цяпер знаходзяцца пры ўладзе, глядзяць толькі на адно — як дагадзіць Часноўскаму. Іх мала цікавяць праблемы павышэньня якасьці навучаньня студэнтаў. Яны абсалютна не турбуюцца з-за таго, што вядучыя выкладчыкі сыходзяць з унівэрсытэту».

Выкладчыкі адзначаюць, што Мечыслаў Часноўскі часта кажа пра эўрапейскі вэктар Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Пры гэтым сам рэктар абвешчаны неўязным у краіны Эўразьвязу за рэпрэсіі падчас мінулых выбараў.

Камэнтуе былая выкладчыца Берасьцейскага ўнівэрсытэту, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская:

«Эўрапейскі вэктар, пра які ён кажа, — напэўна, ён ня мае на ўвазе эўрапейскасьць унівэрсытэцкай адукацыі. Унівэрсытэты эўрапейскія, перш за ўсё, гэта — гуманізм. На чым, фактычна, сфармаваліся ўнівэрсытэты эўрапейскія? Гэта якраз на маральнасьці, на законнасьці, на свабодзе, на свабодзе выбару, свабодзе вальнадумства. У Берасьцейскім унівэрсытэце гэта катэгарычна не прысутнічае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG