Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да журналіста Аляксандра Баразенкі не пусьцілі адваката


Аляксандар Баразенка

Аляксандар Баразенка

Журналіст Аляксандар Баразенка, арыштаваны за тое, што здымаў на відэа акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, працягвае ў ізалятары галадоўку пратэсту.

Аляксандра Баразенку ўтрымліваюць у менскім ізалятары на Акрэсьціна зь нядзелі, 8 студзеня. Журналіста пакаралі 11 суткамі адміністрацыйнага арышту за тое, што ў той дзень каля будынка КГБ ён здымаў на відэакамэру адзіночны пікет актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Мікіты Каваленкі. Пасьля суду Аляксандар Баразенка заявіў, што абвясьціў галадоўку пратэсту.

Сёньня, 11 студзеня, у першай палове дня да Баразенкі спрабаваў прайсьці адвакат, каб скласьці касацыйную скаргу і даведацца пра справы і стан здароўя, але да Баразенкі яго не пусьцілі. «Супрацоўнікі цэнтру часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна сказалі, што там нібыта няма вольных памяшканьняў для сустрэчы», — патлумачыў адвакат.

Калегі Аляксандра Баразенкі мяркуюць, што ён працягвае галадоўку, і спрабуюць яму дапамагчы. Журналіст Алесь Пілецкі:

«Вы ведаеце, што ён абвясьціў галадоўку, і мы, журналісты, ягоныя калегі, арганізавалі, можна сказаць, чаргу, каб кожны дзень яму нешта перадаваць. Яму неабходна нейкія сьвежыя сокі перадаваць. Ведаючы Баразенку, мы мяркуем, што ён наўрад ці адмовіцца ад сваёй ідэі, хоць праз адваката мы будзем спрабаваць угаварыць яго адмовіцца ад галадоўкі».

Сёньня перадачу Аляксандру Баразенку падавала фотажурналістка Юлія Дарашкевіч. Яна паведаміла, што перадачу прынялі.

Напярэдадні міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) асудзіла арышт Аляксандра Баразенкі і заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа, што за мінулы год улады краіны каля ста разоў затрымлівалі журналістаў на акцыях пратэсту:

«Мы ўвесь час даводзім уладам, што журналіст падчас масавых мерапрыемстваў выконвае свае прафэсійныя абавязкі і мае на гэта поўнае права. А затрыманьне журналіста — парушэньне ягонай свабоды на выказваньне думкі. Мы сочым за сытуацыяй і ўва ўсім падтрымліваем Алеся».

Разам з Алесем Баразенкам на 15 сутак арышту быў асуджаны актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Мікіта Каваленка, які падчас пікету каля КДБ трымаў у руках партрэты беларускіх палітвязьняў. Як справы ў Мікіты Каваленкі, які таксама знаходзіцца на Акрэсьціна? Паводле праваабаронцы Марыі Касьян, адвакат Мікіты рыхтуе скаргу ў Менгарсуд на прысуд актывісту.

«Адвакат будзе спасылацца на тое, што ў справе было шмат працэсуальных парушэньняў. У складаньні пратаколу затрыманьня і ў тым, як ішоў працэс. На судзе на гэта зьвярталася ўвага, але судзьдзя ніяк не адрэагаваў. Адвакат будзе дамагацца адмены прысуду».

Сябры празь дзень перадаюць Мікіту Каваленку перадачы. Паводле зьвестак, актывіст галадоўкі не абвяшчаў і пачуваецца нармальна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG