Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ясіна: Беларусь — дадатковая праблема для раўнавагі расейскага рубля


Расейскія фінансісты засьцерагаюць урад сваёй краіны ад пасьпешлівых рашэньняў адносна магчымага ўвядзеньня адзінай разьліковай валюты — расейскага рубля — у межах так званай Саюзнай дзяржавы.

У такім разе, папярэджвае экс-міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, рызыкі для расейскага рубля істотна падвысяцца, што выкліча пагрозы для ўсёй эканомікі краіны. Беларускія экспэрты, у сваю чаргу, сумняюцца, што афіцыйны Менск пагодзіцца перадаць паўнамоцтвы эмісійнага цэнтру Маскве.

Былы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксей Кудрын прысьвяціў Беларусі запіс у твітэры. Ён піша, што ў бліжэйшыя гады Расеі абсалютна ня выгадны пераход Беларусі на расейскі рубель, бо ў гэтым выпадку павялічацца рызыкі для стабільнасьці расейскай валюты: «Беларускія „зайчыкі“ могуць толькі аслабіць расейскі рубель», — канстатуе Кудрын. Ацэньваючы праблемы ў фінансавай сфэры Беларусі, Кудрын выказвае перакананасьць: плаўная дэвальвацыя не прынесла б эканоміцы столькі шкоды, колькі дзьве аднамомантавыя.

Пра памылковасьць магчымага далучэньня Беларусі да расейскай рублёвай прасторы кажа і эканаміст, былая сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі па правах чалавека Ірына Ясіна:

Ірына Ясіна

Ірына Ясіна

«Адразу трэба сказаць, што гэта ўвогуле пытаньне палітычнае. Але з пункту гледжаньня чыста эканамічнага Расеі, канечне, такі саюз нявыгадны. Таму што ўласна расейскі рубель — сама па сабе валюта адносна моцная, хоць і не зусім. Таму што ягоная сіла базуецца на досыць зразумелай рэчы — нафтагазавых прыбытках, на высокіх коштах на гэтыя энэрганосьбіты на ўсясьветным рынку. Што будзе ў далейшым — мы ня ведаем, але любое паглыбленьне праблемаў, іх пашырэньне прывядзе да дрэнных наступстваў. І Беларусь у дадзеным выпадку, канечне, ж, — дадатковая праблема, якая можа заўважна аслабіць і без таго хісткую раўнавагу. Бо гэтая ўстойлівая раўнавага — да таго часу, пакуль мы маем справу вось з такой выгаднай каньюнктурай».

Былы віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Кудрын больш за дзесяць гадоў курыраваў інтэграцыйныя ініцыятывы саюзьнікаў. Цягам амаль усяго гэтага часу заставаўся пасьлядоўным скептыкам што да жыцьцяздольнасьці «беларускага эканамічнага цуду». Рэгулярна крытыкаваў беларускі ўрад за адсутнасьць рынкавых пераўтварэньняў, адмову ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці, дамагаўся перагляду рашэньня даць Беларусі стабілізацыйныя крэдыты і г.д. За такое непрыманьне «ўнікальнай эканамічнай мадэлі» яго рэзка крытыкаваў Аляксандар Лукашэнка — маўляў, Кудрын «канчаткова кансалідаваўся з адмарозкамі ад апазыцыі, якія на заходнія грошы вякаюць і вучаць нас працаваць». Ад працы ў расейскім урадзе Кудрын адлучаны з-за рознагалосьсяў з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Між тым беларускія аналітыкі ня схільныя перабольшваць значнасьць фінансавай сыстэмы Беларусі, якая нібыта здольная ўплываць на такую магутную сыравінную эканоміку, як расейская. Гаворыць экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук:

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

«Вялікі сумнеў у мяне на гэты конт. Калі нават дапусьціць, што гэта стала рэчаіснасьцю, я ня думаю, каб Беларусь моцна ўплывала на суседнюю эканоміку і Расея ў сваіх маштабах адчула б нейкі эфэкт ад беларускага рубля. А калі больш агульна гаварыць, то мне здаецца абсалютна малаверагодным, што такая сытуацыя можа ўзьнікнуць і што падобны манэтарны саюз урэшце адбудзецца».

Іншую думку агучыў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Па яго словах, калі Беларусь раптам зноў апынецца ў такой складанай валютна-фінансавай сытуацыі, як летась, уладам давядзецца больш сур’ёзна падумаць пра пераход на адзіную валюту з Расеяй. Незалежныя экспэрты, праўда, сумняюцца ў такой верагоднасьці, бо пры такім раскладзе Беларусь страціць магчымасьць латаць бюджэтныя дзіркі звыклым уключэньнем грашовага станка. Працягвае Зьміцер Крук:

Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

«Тое, што Расея можа прагнуць да такога манэтарнага саюзу — гэта сапраўды так, бо для Масквы гэта ў аднолькавай ступені і палітычны, і эканамічны праект. Але хоць якіх выгадаў для Беларусі асабіста я ў такой зьвязцы ня бачу. Таму я і ня веру, што гэта калісьці стане рэчаіснасьцю».

Магчымасьць пераходу плацёжнай сыстэмы Беларусі на расейскі рубель абмяркоўваецца ад пачатку 1990-х. Аднак неўзабаве пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 году падобныя размовы былі спыненыя. Як лічаць аналітыкі, улады Беларусі не гатовыя да таго, каб эмісійны цэнтар базаваўся ў Маскве, бо ў такім разе беларускі бок фактычна страчвае фінансавыя рычагі ўплыву на эканоміку.
XS
SM
MD
LG