Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 30–35% ахвотных атрымаюць ільготныя крэдыты на жыльлё


У Беларусі згодна з новымі ўмовамі ільготныя крэдыты на будаўніцтва жыльля атрымаюць 30-35% грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня жыльлёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Горваль, камэнтуючы прэзыдэнцкі ўказ № 13 ад 6 студзеня 2012 году.

Чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, у мінулым годзе складала 866 тысяч чалавек. Каля 80% зь іх прэтэндавалі на ільготныя крэдыты. «Аднак цяпер згодна з новымі ўмовамі ільготныя крэдыты будуць выдавацца толькі 30–35% грамадзянаў, якія маюць патрэбу. Гэта значыць, колькасьць ільготнікаў у краіне зьменшыцца ў 2–2,5 раза», — заявіў ён у інтэрвію БелТА.

Зь ліку ільготнікаў выключаны грамадзяне, якія проста адносіліся да малазабяспечаных з прычыны сваіх індывідуальных сямейных даходаў. Зараз такія грамадзяне будуць крэдытавацца на іншых умовах — пад 31% гадавых, калі стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, альбо па камэрцыйнай стаўцы.
XS
SM
MD
LG