Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такі загаловак мае артыкул на першай паласе сёньняшняга нумару найбольш папулярнага польскага штодзёньніка «Gazeta Wyborcza».

«Тых, хто сядзіць, улады спрабуюць зьнішчыць псыхічна і фізычна», — піша аўтар артыкулу Андрэй Пачобут ды распавядае пра прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які вымушаны быў парэзаць сабе вены, каб выратаваць гонар.

Газэта тлумачыць польскаму чытачу сыстэму жорсткай герархіі, якая мае мейсца ў беларускіх турмах ды распавядае пра спробы ўладаў зьмясьціць палітвязьняў менавіта ў найніжэйшай яе частцы.

«Gazeta Wyborcza» падае меркаваньні беларускіх экспэртаў, паводле якіх, мэта такіх захадаў — змусіць палітвязьняў «публічна пакаяцца перад Лукашэнкам».

Між тым на другой паласе гэтага ж нумару газэта зьмяшчае ліст амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка галоўнаму рэдактару газеты Адаму Міхніку, у якім беларускі дыплямат выказвае занепакоенасьць тым, што «чарговыя публікацыі ў „Gazeta Wyborcza“ маюць на мэце стварыць нэгатыўны імідж нашае краіны ды яе кіраўніцтва».

Побач — адказ спадара Міхніка, дзе той выказвае задавальненьне з нагоды «зацікаўленасьці высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі Лукашэнкі публікацыямі газэты «ў справе парушэньняў правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў ды чалавечай годнасьці».

«Мы выказваем поўную салідарнасьць з адважнымі грамадзянамі беларускай дзяржавы. Усіх вязьняў сумленьня будзем бараніць, а тым, каму затыкаюць рот — даваць слова, каб такім чынам дапамагаць у стварэньні атмасфэры паразуменьня паміж польскім і беларускім народамі. Мы ня будзем маўчаць у часе, калі ўладны апарат Аляксандра Лукашэнкі зьневажае пачуцьці і гонар беларускіх грамадзянаў. Прыміце, калі ласка, словы павагі для беларускага народу, словы захапленьня для зьняволеных абаронцаў беларускай свабоды», — напісаў Адам Міхнік у адказе беларускаму амбасадару.
XS
SM
MD
LG