Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі КДБ на праскай сцэне


Сцэна са спэктаклю "Двое ў тваім доме"

Сцэна са спэктаклю "Двое ў тваім доме"

Маскоўскі тэатар Teatr Doc, які паставіў дакумэнтальны спэктакль «Двое у тваім доме» пра хатні арышт Уладзімера Някляева, пакажа сваю пастаноўку ў Празе.

Год таму былы кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, паэт Уладзімер Някляеў быў вызвалены з СІЗА КДБ і зьмешчаны пад хатні арышт. Ён і ягоная жонка стала знаходзіліся пад наглядам двух супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія забаранялі ім падыходзіць да вокнаў, адказваць на тэлефонныя званкі і зачыняць дзьверы ў туалет. Пра гэта маскоўскі тэатар Teatr Doc паставіў дакумэнтальны спэктакль. Падтрымаў маскоўскае пачынаньне праскі тэатар Archa. 29 і 30 студзеня ў гэтым тэатры адбудуцца гастролі «Тэатру Док». Гэта — іх першы візыт у Чэхію, паведамляе Радыё Прага.

Дырэктар праскага тэатру Archa Ондржэй Граб тлумачыць, як узьнікла ідэя падтрымкі спэктаклю:

— Ідэя зыходзіла ад некалькіх эўрапейскіх тэатраў — ад Хэльсынкі да Мюнхэну. Мы дамовіліся, што падтрымаем ўзьнікненьне спэктакля, сюжэт якога датычыцца падзей у Беларусі. Таму што, па-першае, нас цікавіць сытуацыя ў Беларусі, а па-другое, нас цікавіць арыгінальнасьць працы. Teatr Doc — дакумэнтальны тэатар. Акрамя таго, сымпатычна тое, што спэктакль ня толькі пра Някляева, спэктакль аб тым, што тычыцца кожнага з нас, ці жывем мы ў больш ці менш свабоднай краіне. Як ставіцца да тых, хто абмяжоўвае нашу свабоду? Адносіны турэмшчыка і зьняволенага.

Ондржэй Граб, дырэктар праскага тэатра Archa

Ондржэй Граб, дырэктар праскага тэатра Archa


У аснове спэктакля — дбайна сабраная фактура, споведзі Някляева і яго жонкі, інтэрвію зь іншымі людзьмі, якія пабывалі пад хатнім арыштам у Беларусі і нават прызнаньні кагэбэшнікаў. Аўтары назвалі спэктакль «драмай прасторы», але ў выніку размовы са сцэнарыстам Аленай Грэмінай высьвятляецца, што гэта — ледзьве не камэдыя!

— Усё пачалося з таго, што нашы драматургі тэатру Doc пісалі эсэ ў абарону палітвязьняў у Беларусі, — расказвае Алена Грэміна, аўтар п’есы. — Гэта было адразу пасьля 19 сьнежня пазамінулага году, калі лідэры беларускай апазыцыі былі паддадзеныя расправе і адпраўленыя ў турму. Яны пісалі эсэ, каб прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў Беларусі, і ня толькі, а наагул на тэму «Мастак і ўлада». І тады ж Ева Някляева мне апавяла гэтую гісторыю. Тады ідэя спэктаклю ў мяне і нарадзілася. Далей жа ўсё было для мяне досыць нечакана, таму што матэрыял, які сабралі нашы людзі ў Менску, там сьмешныя сытуацыі для мяне былі нечаканымі. Ідэя спэктаклю зацікавіла некалькі міжнародных фэстываляў, і было вырашана, што гэта будзе такая ко-прадукцыя Тэатру Док і чэскага тэатру, фэстывалю Baltic Circles, кракаўскага і славацкага фэстываляў і іншых... Гэтыя праблемы тэатрам блізкія — што чалавек гатовы аддаць за свабоду, наколькі ён гатовы паддавацца ціску — гэта ўсё дастаткова актуальныя рэчы ня толькі ў Беларусі і Расеі, але і ў Эўропе таксама.

— Цікава, што спэктакль пастаўлены менавіта расейскім, а не беларускім тэатрам.

— Наша краіна досыць блізкая да праблем, якія ёсьць у Беларусі. Гэта праблема пагрозы дыктатуры, асабліва цяпер, калі зьявілася пагроза, што будзе незьмяняльнай улада на шмат гадоў. Гэта праблемы, якія нас усіх хвалююць. Гэта выбар паміж нейкімі магчымасьцямі. Таму мы ня лічым, што ў Беларусі адбываецца нешта такое, што нам незразумела. Калі мы даведаліся аб гэтай сытуацыі з Уладзімерам Някляевым, нам здалося, што гэта вельмі тэатральная сытуацыя. У маленькай кватэры звычайныя людзі — паэт і яго маладая жонка — цярпяць штохвіліны гвалтоўную прысутнасьць двух кадэбэшнікаў. І мы сталі дасьледаваць гэтую гісторыю.

Сцэна са спэктаклю "Двое ў тваім доме"

Сцэна са спэктаклю "Двое ў тваім доме"

Аўтары спэктаклю лічаць, што яны датычацца паняцьця, якое нам навязвае цывілізацыя як норму, «стакгольмскі сындром»: ляяльнасьць да тых, хто вас прыгнятае. Ні ў якім разе не дражні тэрарыстаў, гвалтаўнікоў, толькі, калі ласка, зь імі супрацоўнічай — гэта тое, што нам цяпер трансьлюе сучаснае грамадзтва. «Будзь больш не партызанам, а паліцаем, будзеш партызанам — цябе павесяць і вёску тваю спаляць». І гэтая ўстаноўка зьнішчае само паняцьце гераізму.

— У вашым разуменьні Някляеў — герой?

— Перш за ўсё нечакана сябе павяла яго жонка. Яна перакуліла ўсе гэтыя паняцьці супрацоўніцтва ахвяры з катам, яна першай пачала бунт. Так, мне здаецца, што гэтыя людзі праявілі гераізм, не паддаўшыся таму ціску, якому паддаюцца многія добрыя людзі.

— Як на практыцы гэта адбывалася? Вы размаўлялі зь Някляевым і яго жонкай, гэта зразумела, але як вам удалося пагаварыць з супрацоўнікамі спэцслужбаў?

— Наша група мела зносіны з былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў, дзейныя супрацоўнікі нам, натуральна, не далі ніякай інфармацыі, таму аб асаблівасьцях іх паводзін мы даведваліся ад Някляева, яго жонкі і іншых людзей, якія таксама зазналі хатні арышт. Былыя супрацоўнікі органаў нам вельмі шмат распавялі пра тое, як гэта адбываецца і як гэта адбывалася.

— Вы не маглі б нашым слухачам неяк намякнуць, што яны могуць убачыць падчас гастроляў вашага тэатру ў Празе?

— Нечаканая атрымалася рэч, вельмі вясёлы спэктакль. Мы ж думалі, што гэта будзе драма, а аказалася — гісторыя супрацьстаяньня, у якой маса камічных момантаў. Гэта — спроба расказаць аб сур’ёзных рэчах сродкамі тэатральнай камэдыі.
XS
SM
MD
LG