Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Маючы неабмежаваную ўладу, яны завялі народ і дзяржаву ў тупік...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 11 студзеня 2011 году

Першыя тыдні новага году не прынесьлі ніякіх зьменаў у лёсе палітвязьняў, якіх працягваюць трымаць у турмах і калёніях беларускія ўлады. Тым часам прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі за працяг палітычных рэпрэсіяў у краіне. У прыватнасьці, пашыраецца сьпіс чыноўнікаў ды іншых службовых асобаў, якім давядзецца сутыкнуцца зь візавымі абмежаваньнямі і фінансавымі санкцыямі.

Гэтую тэму працягваюць абмяркоўваць і слухачы «Свабоды». Пачну сёньняшнюю размову з допісу Мікалая Лойкі зь Менску, які лічыць такія санкцыі недастатковымі. Слухач піша:

«Тых санкцыяў, якія ўвёў і працягвае ўводзіць Захад у дачыненьні да беларускага рэжыму, яўна недастаткова. Рэзалюцыі, асуджэньні, спачуваньні, забарона на ўезд — усё гэта беларускай уладзе „да лямпачкі“. Яна працягвае яшчэ больш жорстка катаваць палітзьняволеных у турмах — асабліва Саньнікава і Статкевіча. Калі неадкладна не прыняць больш жорсткія меры, то, ня дай Бог, ня будзе каго і вызваляць: закатуюць, зробяць інвалідамі.

На маю думку, Захаду варта ставіць перад афіцыйным Менскам канкрэтныя ўмовы і сьціслыя тэрміны іх выкананьня — у жорсткай форме. Напрыклад: вызваліць палітвязьняў на працягу аднаго месяца. Ня выканалі — аўтаматычна выносіцца рашэньне перанесьці хакейны чэмпіянат сьвету ў іншую краіну. Не дапамагае гэта — уводзяцца эканамічныя санкцыі.

Гэтак жа трэба рабіць і з выбарчым заканадаўствам. Не прыводзіце яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, няма сумленных выбараў, працягваеце гуляць у гэтую „дурылку“ — такія выбары не прызнаюцца. Усе вашы так званыя „дэпутаты“ — нелегітымныя, ніякія кантакты зь імі не падтрымліваюцца.

Толькі такія жорсткія санкцыі могуць паўплываць на рэжым. А народ іх вытрымае і будзе толькі ўдзячны. Калі 17 год цярпелі — дык і гэта выцерпім, яшчэ і „дзякуй“ скажам»
.

Прыхільнікаў такога жорсткага, прынцыповага падыходу ў дачыненьнях зь сёньняшняй беларускай уладай на Захадзе шмат, спадар Мікалай. І тое, што вы прапануеце, напрыклад, адносна рэформы выбарчага заканадаўства і дачыненьняў зь беларускай Палатай прадстаўнікоў — па сутнасьці, ужо прымяняецца. Беларускі парлямэнт не прызнаны ніводнай дэмакратычнай краінай сьвету, кантакты зь ім спыненыя альбо зьведзеныя да мінімуму.

Варта, аднак, мець на ўвазе, што дзяржаўныя і грамадзкія інстытуты на Захадзе дзейнічаюць у іншых прававых умовах, чым беларускія. Напрыклад, ніякі міністар ці прэзыдэнт там ня можа загадаць Міжнароднай фэдэрацыі хакею, дзе ёй праводзіць свой чэмпіянат. Менавіта таму ў амэрыканскім законе ўтрымліваецца толькі заклік да фэдэрацыі адмовіцца ад правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету 2014 году.

Гэта ж датычыць і згортваньня ці пашырэньня эканамічных кантактаў з той ці іншай краінай. У дзяржаве, дзе вышэй за ўсё закон, ніякі чыноўнік (нават самы высокапастаўлены) выйсьці за межы сваёй кампэтэнцыі права ня мае. У Беларусі, дзе ўсё залежыць ня столькі ад закону, колькі ад волі адной вядомай асобы, гэта ня ўсе разумеюць і ўсьведамляюць. Відавочна, адсюль і такія частыя папрокі на адрас заходніх палітыкаў, абвінавачваньні ў марудлівасьці і недастатковай жорсткасьці.

Пра невясёлыя палітычныя вынікі мінулага году разважае ў сваім новым лісьце на «Свабоду» Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач піша:

«Выказваць сваё грамадзянскае стаўленьне да дзеяньняў уладных структураў у нас немагчыма: ідзе зьдзек і глумленьне, сумленьне адсутнічае. Зьвяртаюся ў гэтай сувязі да Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага (нібы пра нас напісана): „Кровь и власть пьянят: развиваются загрубелость, разврат: уму и чувству становятся доступны и, наконец, сладки самые ненормальные явления. Человек и гражданин гибнут в тиране навсегда, а возврат к человеческому достоинству, к раскаянию, к возрождению становятся для него уже почти невозможен“. (Гэта была цытата з „Запісак зь мёртвага дома“ Дастаеўскага».)

У сваім лісьце Мікалай Волчык выказваецца таксама наконт нашых праграмаў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

«Я штодня настройваю свой прымач на хвалі „Свабоды“. Адзначу, што прыём сыгналу ў розныя гадзіны ўстойлівы, на „4“ і „5“ па пяцібальнай шкале. Разнастайнасьць, інфарматыўнасьць, прафэсіяналізм пададзеных матэрыялаў — вось чым вызначаецца Беларуская Свабода. Шчырая вам падзяка за гэта ад сталага слухача...»

Дзякуй вам, спадар Мікалай, за добрыя словы, за навагоднія віншаваньні. Што да грамадзкай атмасфэры, якая пануе ў сёньняшняй Беларусі... Я зьвярнуў увагу на тое, што на працягу апошняга году ў нашай пошце практычна зьніклі лісты прыхільнікаў дзейнай улады. Іх было надзвычай шмат на пачатку і ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя. Апалягеты рэжыму, створанага Аляксандрам Лукашэнкам, зацята спрачаліся, прыводзілі шматлікія аргумэнты на карысьць аўтарытарнай сыстэмы ўлады, уласныя прыклады таго, як расьце іхны дабрабыт... І вось — зусім замоўклі. А шкада...

Пра сёньняшнія беларускія рэаліі, пра сьцьвярджэньні ўладаў, што ў Беларусі нібыта няма крызісу, разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Яўген Мікітаў з Воршы. Слухач піша:

«Ня можа адзін чалавек быць мудрэйшы за цэлы народ. Наш правадыр разам са сваёй „вэртыкальлю“, маючы неабмежаваную ўладу, завялі народ і дзяржаву ў тупік. Жорсткі крызіс, як дамоклаў меч, навіс над Беларусьсю.

Пры гэтым праз свае СМІ прэзыдэнт увесь час паўтарае, што ніякага крызісу ў Беларусі няма. Як жа можна так хлусіць? У краіне дзіка растуць цэны, бушуе гіпэрінфляцыя, курс даляра ўзьляцеў у тры разы, набралі за мяжой крэдытаў ажно 30 мільярдаў даляраў — і няма крызісу? Сядзім па шыю ў дзярме — і хвалімся, што нам добра...

Хачу далучыць свой голас да тых, хто змагаецца за неадкладнае вызваленьне з турмы Дашкевіча, Статкевіча, Саньнікава ды іншых палітычных зьняволеных».

У сваім лісьце на «Свабоду» Яўген Мікітаў з Воршы зьвяртае таксама ўвагу на занядбаны стан беларускай мовы. Слухач піша:

«Дайшлі да таго, што нават дзіцячыя беларускамоўныя выданьні — часопіс „Бярозка“ і газэта „Раніца“ — перасталі існаваць як самастойныя. Чыноўнікі кажуць: няма сродкаў. Ды якія тут асаблівыя сродкі патрэбны? Па дзяржаўных мерках — капейкі. Калі ў дзяржавы такія ўжо цяжкасьці зь фінансамі, дык пара скарачаць зарплаты сілавых структураў і адміністрацыі прэзыдэнта, бо гэта ж яны давялі краіну да такога стану»
.

Сапраўды, спадар Яўген, грошы на падтрымку двух беларускамоўных дзіцячых выданьняў патрэбны не такія значныя — асабліва калі параўноўваць з выдаткамі на прапаганду ці на ахову дзейнага рэжыму. Скараціць штатныя адзінкі паўдзясятка «амонаўцаў» — і можна адразу вырашыць усе праблемы і «Бярозкі», і «Раніцы». Ды толькі чамусьці АМОНу і спэцназу на вуліцах беларускіх гарадоў, нягледзячы на крызіс, меней ня стала. Ахвярамі рэжыму эканоміі становяцца найперш тыя, ад каго бясьпека і ўстойлівасьць уладнага рэжыму залежаць мала.

І на заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра, аўтара многіх надзённых публіцыстычных нататак Кастуся Сырэля з Ушачаў. Спадар Кастусь уважліва назіраў за нядаўняй нарадай з удзелам Лукашэнкі, на якой ішла размова пра неабходнасьць імпартазамяшчэньня.

«Я не паверыў сваім вушам, — піша слухач, — калі Рыгоравіч наракаў на дрэнную працу ў гэтым кірунку Акадэміі навук, нават прыгразіў абрэзаць ім фінансаваньне. Вось дык так! Добра было б, каб ён патлумачыў, што мае на ўвазе.

Мне адразу ўзгадаліся літаратурныя героі. Напрыклад, чэхаўскі Васіль Сямі-Булатаў, які сьцьвярджаў, што на Сонцы ня можа быць плямаў, таму што іх ня можа быць ніколі, і навошта на Сонцы плямы, калі і бязь іх можна абысьціся.

Узгадаўся герой Аркадзя Райкіна, які прапанаваў да ног балерыны прымайстраваць дынаму — няхай ток выпрацоўвае для адсталых раёнаў.

Узгадаўся прафэсар з фільма Эльдара Разанава «Гараж», доктар навук, які падчас выезду на пераборку бульбы ў кожным меху пакідаў сваю візытоўку: маўляў, калі мяне, доктара навук з акладам 500 рублёў, пасылаюць перабіраць бульбу, дык я павінен перабіраць яе якасна. А візытоўку, маўляў, пакідаю як знак якасьці.

Цікава, як разумее наш гарант навуку наогул? Мне здаецца, што тут Богу — богава, а кесару — кесарава. Напрыклад, як прыладзіць задачу імпартазамяшчэньня да матэматыкі, тэарэтычнай фізыкі ці мовазнаўства? Няхай фізыкі ў сваіх лябараторыях айчынныя пампэрсы вынаходзяць?

Дый у прыкладных навуках вынік можа прымусіць чакаць вельмі доўга. Тут я магу ўзгадаць прыклад з маёй прафэсіі, радыёэлектронікі. У 1929 годзе Гаральд Блэк вынайшаў так званую адмоўную зваротную сувязь у электронных узмацняльніках, падаў заяўку на вынаходку. Але яму адмовілі ў выдачы патэнту, бо палічылі вынаходку непатрэбнай, нават шкоднай і кур’ёзнай. Ацэнена была яна празь нейкія 10 год, і сёньня ніводзін радыёпрымач, электронны ўзмацняльнік, тэлевізар ды шматлікая іншая электроніка не абыходзіцца безь дзясяткаў адмоўных зваротных сувязяў. Ці ўзяць лазэр — практычнае ўжываньне для яго таксама было знойдзена не адразу.

Такіх прыкладаў процьма. Але наш сонцападобны, падобна да таго, гатовы паставіць на навуцы крыж.

Што тычыцца задачы, пастаўленай перад Акадэміяй — што ж, нешта прыдумаюць навукоўцы, каб пусьціць пыл у вочы. У Акадэміі нямала разумных хлопцаў. Неяк жа трэба ратаваць навуку ад цемрашальства«
.

Варта зьвярнуць увагу, што на працягу многіх гадоў у сваіх выступах, рэмарках, адказах на пытаньні, датычныя навукі, Аляксандар Лукашэнка ня раз зьвяртаўся да вобразу гэткага закасьнелага недарэкі-навукоўца з пажоўклымі канспэктамі лекцый шматгадовай даўніны... Зусім магчыма, што вобраз гэты кіраўнік дзяржавы ўзяў з уласнага студэнцкага мінулага. Прызнаемся, такіх прафэсараў і дактароў навук, асабліва ў галіне марксізму-ленінізму і гісторыі КПСС, можа згадаць кожны былы савецкі студэнт. Крытыку на адрас ТАКОЙ навукі і ТАКІХ навукоўцаў цяжка назваць беспадстаўнай. Іншая справа — дакладныя навукі, фундамэнтальныя дасьледаваньні. Тут з вамі, спадар Кастусь, немагчыма не пагадзіцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG