Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве заахвочваюць начальнікаў, якія б'юць жанчын


Ігар Кананчук ужо ня раз уганароўваўся прэміямі

Ігар Кананчук ужо ня раз уганароўваўся прэміямі

Дырэктара магілёўскага прадпрыемства «Бабушкіна крынка» Ігара Кананчука, які зьбіваў сваіх супрацоўніц, вылучылі на прэмію «Чалавек году».

Некалькі гадоў таму яму пагражала да пяці год турмы, а зараз яму пагражае гарадзкая прэмія, — паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна-96».

Некалькі гадоў таму Ігар Кананчук, будучы ўжо на пасадзе дырэктара малочнага камбінату, абвінаваціў брыгаду сваіх супрацоўніц у тым, што яны скралі малочную прадукцыю.

Калі ж жанчыны пачалі даказваць сваю невінаватасьць, ён зьбіў дзьвюх, пасьля чаго звольніў іх з працы.

Па дапамогу жанчыны прыйшлі ў незалежны прафсаюз, які адстойваў іх інтарэсы ў судзе. Былі зьнятыя пабоі. У якасьці сьведак выступілі іншыя жанчыны.

Удзельнік судовага пасяджэньня прафэсар Валеры Беразіенка адзначае, што тады суд вынес мяккі вырак Ігару Кананчуку:

«Судзьдзя ўлічыў станоўчую характарыстыку ад кіраўніцтва гораду, якое спасылалася на тое, што прадпрыемства пад кіраўніцтвам Ігара Кананчука паказвае добрыя вынікі і прасіў зьмякчыць вырак. Таксама ў дырэктара быў маленькі дзіцёнак. Судзьдзя прапанаваў замірыцца. У выніку жанчыны, якія былі звольнены, атрымалі грошы за пэрыяд, што не былі на працы, атрымалі кампэнсацыю маральных стратаў і былі адноўленыя на працы. Артыкул „хуліганства“ быў перакваліфікаваны на больш мяккі, і дырэктар не аказаўся за кратамі».

Грамадзкі актывіст Аляксей Паўлоўскі адзначае, што такі чалавек ня мае маральнага права прэтэндаваць на такую прэмію.

«Я патэлефанаваў на наўпроставую лінію да кіраўніка магілёўскага гарвыканкаму Станіслава Барадаўкі і расказаў яму пра гэтага намінанта. Ён сказаў, што нічога ня ведае пра гэта і будзе разьбірацца з маёй інфармацыяй», — гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

Акрамя Ігара Кананчука намінантамі на прэстыжную прэмію гарвыканкаму сталі яшчэ пяць чалавек.

Ляўрэат прэміі, якая праходзіць у трох намінацыях: «Вытворчая дзейнасьць», «Невытворчая сфэра» і «Грамадзка-палітычная дзейнасьць» — атрымае ўзнагароду ў памеры 100 мінімальных заробкаў. Акрамя гэтага, імя ляўрэата заносіцца ў «Кнігу славы Магілёўшчыны». Ігар Кананчук вылучаны ў намінацыі «Вытворчая дзейнасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG