Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі накіравала старшыні Менгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку ліст, у якім адзначае, што ўчастак пад будаўніцтва гатэля «Пэкін» выдзелены ўнутры парку, а гэта не дазваляе захаваць яго нават часткова.

Мінпрыроды патрабуе максымальна захаваць тэрыторыю парку 40-годзьдзя Кастрычніка пры ўзьвядзеньні гатэля «Пэкін».

У лісьце адзначаецца, што распрацаваны праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў межах вуліц Ульянаўская, Першамайская, Пуліхава, Смаленская і Леніна прадугледжваў стварэньне парку імя 40-годзьдзя Кастрычніка агульнай плошчай 7,6 га з дапушчальнай забудаванай да 40%. У складзе гэтага пляна схема забудовы не распрацоўвалася, і не былі вызначаны аб’екты, плянуемыя да разьмяшчэньня ў праектаваных межах. Архітэктурны праект забудовы тэрыторыі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу не паступаў, паведамляе БелТА.

Раней па прапанове Мінпрыроды Менгарвыканкам адмяніў будаўніцтва рэстарана на тэрыторыі парку і не дазволіў рух аўтатранспарту.

Грамадзкасьць ўпэўненая, што выдзяленьне зямельнага ўчастка пад «Пэкін» праведзена з парушэньнем рашэньняў дэталёвага пляна. Жыхарам прадстаўлена недастатковая інфармацыя адносна захаваньня парку і забудовы ландшафтна-рэкрэацыйнай тэрыторыі.

Мінпрыроды прапануе правесьці нараду ў Менгарвыканкаме па пытаньні карэктыроўкі месца разьмяшчэньня гатэля «Пэкін» для максымальнага захаваньня парку.

Пасьля таго, як у парку пачалі высякаць дрэвы пад будаўніцтва «Пэкіну», жыхары раёна выступілі з пратэстамі. У звароце да кіраўніка краіны, пад якім 412 подпісаў, менчукі патрабавалі спыніць высечку дрэваў ва ўнікальным парку і працы па ўзьвядзеньні гатэля «Пэкін». А таксама прадставіць грамадзкасьці поўную інфармацыю пра гэты праект. Яны прапанавалі перанесьці гатэльны комплекс на пляцоўку насупраць парку, дзе закансэрваванае будаўніцтва корпуса заводу імя Кірава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG