Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты падыход у савецкай традыцыі сталінскага «нарміраваньня»


Міхал Залескі

Міхал Залескі

У Беларусі плянуецца увесьці нормы спажываньня электрычнасьці. Гэта значыць, нейкую частку электраэнэргіі грамадзяне будуць аплачваць па льготным тарыфе, а рэшту — па 100%. Праўда, паміж рознымі міністэрствамі існуюць разнагалосьсі наконт таго, якімі мусяць быць гэтыя ліміты. Ці можа такі падыход вырашыць праблемы энэргазьберажэньня? Якія самыя энэргазатратныя галіны ў беларускай эканоміцы? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Пакуль беларускія ведамствы высьвятляюць, якім мусіць быць ліміт на электрычнасьць, варта задацца пытаньнем, ці можа такі падыход скараціць спажываньне электрычнасьці?

Залескі: Увесь гэты падыход у кандовай савецкай традыцыі, у традыцыі сталінскага «нарміраваньня». Чаго мы хочам дасягнуць? Ёсьць прадавец электрычнасьці, і яму выгадна, каб у яго куплялі болей. І ён мусіць усталяваць такую цану, якая забясьпечыць яму пашырэньне вытворчасьці. Вось і ўсё, і так па ўсім сьвеце, толькі ня ў нас.

А спрэчка ад Івана Жахлівага ідзе наконт таго, ці лічыць халопаў «па галовах, альбо па дымах». Так і тут — лічыць жыхароў у кватэрах ці лічыць кватэры. Ды нікога ня трэба лічыць! Ёсьць прадавец і ёсьць спажывец, ёсьць дамова паміж імі — цана. І няхай яна будзе адэкватнай.

Цыганкоў: З вадой нібыта ўдалося ўсталяваць ліміт даволі лёгка, звыш яго беларускія спажыўцы павінны плаціць больш. У чым праблема гэтаксама зрабіць з электрычнасьцю?

Залескі: Можна зрабіць так, як з вадой. Але праблема ў тым, што ёсьць сем’і, для якіх гэтыя дробязі адчувальна б’юць па сямейным бюджэце. Дык можа заняцца тым, каб у нас такіх людзей не было, для якіх гэтыя капейкі вырашаюць шмат чаго?

Цыганкоў: Рынкавы падыход палягае ў тым, каб падвысіць цану да рынкавай, а потым малазабясьпечаным вярнуць грошы празь нейкія субсыдыі. Ці вы падзяляеце такі падыход?

Дык можа заняцца тым, каб у нас такіх людзей не было, для якіх гэтыя капейкі вырашаюць шмат чаго?
Залескі: Безумоўна. Беларускія экспэрты даўно б’юцца за тое, каб у нас укаранілася рэальная адрасная сацыяльная дапамога. Каб чалавек сам прыйшоў у сабес, і сказаў, што ня мае сродкаў плаціць за электрычнасьць, напрыклад. Гэта будзе выбар асобы. А ў нас зноў пачынаюць дзяліць ільготнікаў на катэгорыі, катэгорыі на сэктары і квадраты...

Цыганкоў: Як выглядае энэргаёмістасьць беларускай прадукцыі ў параўнаньні з найвышэйшымі стандартамі?

Залескі: Калі браць рэкардсмэнаў — японцаў, то ў нас у 10-12 разоў па розных тыпах прадукцыі вышэй энэргаёмістасьць. І ў паўтара-тры разы вышэйшая, чым у Польшчы. У нас страшна энэргаёмістыя сельская гаспадарка, будаўніцтва — тыя галіны, дзе мінімальны кантроль і максымальны беспарадак.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG