Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральнага пракурора просяць патлумачыць заявы Лукашэнкі


Уладзімер Сякерка
Уладзімер Сякерка

Лідэр гомельскай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка зьвярнуўся да генэральнага пракурора Аляксандра Канюка з просьбай «правесьці праверку фактаў грубага парушэньня беларускага заканадаўства» Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле Ўладзімера Сякеркі, пра гэта сьведчаць заявы кіраўніка дзяржавы, зробленыя 7 кастрычніка падчас прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка тады заявіў: «Прэзыдэнцкія выбары я праводзіў па паняцьцях — па паняцьцях Эўрапейскага саюзу. Мы поўнасьцю адышлі ад нашага заканадаўства». Беларускі кіраўнік нагадаў, што напярэдадні выбараў Менск наведвалі эўрапейскія чыноўнікі, якія выстаўлялі шэраг патрабаваньняў па правядзеньні выбарчай кампаніі. «Галоўнае было патрабаваньне — усіх зарэгістраваць, а ў нас трэба 100 тысяч подпісаў сабраць для рэгістрацыі. Ну добра, прайшоў раўнд збору подпісаў. Адзін у Віцебскім раёне ўзяў тэлефонны даведнік і ўсіх перапісаў. Ну як яго зарэгістраваць? Гэтага не рэгістравалі, астатніх зарэгістравалі — 10 чалавек. Я ім аддаў 600 тысяч сваіх подпісаў. У мяне дзесьці было 2 мільёны 700 тысяч, я ім аддаў, каб ЦВК іх зарэгістравала. Зарэгістравалі ўсіх, пад жалезным маім націскам».

Гэткім чынам Уладзімір Сякерка просіць даць дзеяньням грамадзяніна Лукашэнкі прававую ацэнку. Таксама просіць праверыць «на падставе якіх нормаў беларускага заканадаўства прэзыдэнцкія выбары праводзіў асабіста Лукашэнка і чаму гэтыя выбары былі праведзеныя не паводле Выбарчага кодэксу, а па «паняцьцях Эўрапейскага саюзу».

Сякерка: «Па якім праве пры правядзеньні выбараў „мы поўнасьцю адышлі ад нашага заканадаўства“? На падставе якіх нормаў Выбарчага кодэксу подпісы, сабраныя кандыдатам у прэзыдэнты Лукашэнкам, былі перададзены іншым кандыдатам? Каму кандыдат Лукашэнка аддаў свае подпісы, і як гэта адбывалася тэхнічна?»

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Зварот палітычнага актывіста камэнтуе праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч: «Безумоўна, падобныя заявы Лукашэнкі, дзе ён сам прызнае факт фальсыфікацыі, хоць ён ня кажа пра сапраўдныя факты фальсыфікацыі, а пра нейкія іншыя, нават выдуманыя, да прыкладу, мітычныя дзевяноста зь лішнім адсоткаў, якія ён набраў і, каб усё выглядала прыгожа, перадаў апазыцыі, — безумоўна, такія заявы патрабуюць прававой ацэнкі. У нармальным грамадзтве гэта стала б падставай для ўсебаковай праверкі пракуратуры, калі вышэйшая асоба дзяржавы заяўляе пра факты фальсыфікацыі і нават учыненьня крымінальнага злачынства, і вінаватыя ў гэтым былі б прыцягнутыя да адказнасьці, а вынікі выбараў прызнаныя несапраўднымі.

Але ў нашай сытуацыі ўсё абмежавалася камэнтаром намесьніка старшыні ЦВК Мікалая Лазавіка, які заявіў, што яму такія факты невядомыя — хто каму якія адсоткі ці подпісы перадаваў. Я перакананы, што і ў гэтым выпадку Генэральная пракуратура дасьць фармальную адпіску альбо ўвогуле ня будзе нічога камэнтаваць, як гэта цяпер часта практыкуе, а сьпіхне ўсё на Цэнтравыбаркам, які фармальна адпішацца, што не валодае такімі фактамі, і на гэтым усё. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас няма ніякай незалежнай працэдуры выбараў, што выбары сталіся дзействам, добра адрэгуляваным выканаўчай уладай. І таму спасылкі нават на нормы сёньняшняга Выбарчага кодэксу ня маюць ніякага значэньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG