Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі рэжым «адчайна шукае сяброў»


Махмуд Ахмадзінэжад і Уга Чавэс

Махмуд Ахмадзінэжад і Уга Чавэс

Іран распачаў вытворчасьць нізкаўзбагачанага ўрану на новым падземным заводзе паблізу гораду Кум, што выклікала новыя асьцярогі ў заходніх краінах. Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад тым часам працягвае паездку па краінах Лацінскай Амэрыкі ў пошуках хаўрусьнікаў у справе супрацьстаяньня з ЗША.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) пацьвердзіла ўвечары 9 студзеня факт пачатку ўзбагачэньня ўрану да ўзроўню 20 працэнтаў на новым паўсакрэтным заводзе ў мястэчку Фардо, пра існаваньне якога стала вядома ў 2009 годзе. Паводле зьвестак МАГАТЭ, Іран ужо мае запас 4 тысячы 900 кіляграмаў нізкаўзбагачанага ўрану. Далейшая апрацоўка, гэта значыць узбагачэньне гэтага аб'ёму, дазволіць Тэгерану, на думку экспэртаў, атрымаць збройны ўран у колькасьці, дастатковым для вырабу трох-чатырох ядзерных бомбаў.

ЗША, Вялікабрытанія і Францыя рэзка асудзілі дзеяньні Ірану, назваўшы іх правакацыйным і безадказным парушэньнем міжнароднага права. Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага дзярждэпартамэнту Вікторыя Нуланд заявіла:

– Відавочна, што ўзбагачэньне ўрану да 20 адсоткаў на прадпрыемстве ў Фардзе стане яшчэ адзін крокам на шляху парушэньняў Іранам сваіх абавязацельстваў у ядзернай сфэры, парушэньнем пунктаў рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН. Таму мы зноў заклікаем Іран спыніць працэс узбагачэньня ўрану, у поўнай меры супрацоўнічаць зь Міжнародным агенцтвам атамнай энэргіі і неадкладна пачаць дзейнічаць у адпаведнасьці зь міжнароднымі рэзалюцыямі, – падкрэсьліла Вікторыя Нуланд.

Злучаныя Штаты заяўляюць, што рэзкае падвышэньне ваенна-палітычнай актыўнасьці Тэгерану можа прымусіць Вашынгтон сур'ёзна задумацца пра рашэньне праблемы вайсковымі мэтадамі. У апошнія дні была значна ўзмоцненая прысутнасьць амэрыканскага Пятага флёту, у зоне адказнасьці якога знаходзяцца Пэрсыдзкая затока і Арабійскае мора. Паблізу іранскіх берагоў зьявіўся новы атамны авіяносец «Карл Вінсан» (той самы, зь якога ў траўні 2011 году ў мора было скінутае цела забітага амэрыканскім спэцназам Усамы бін Лядэна), і яшчэ некалькі баявых караблёў.

У канцы лістапада, пасьля чарговага дакладу МАГАТЭ, ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі новыя, вельмі жорсткія ўзгодненыя санкцыі супраць Ірану, а 23 студзеня, як чакаецца, краіны ЭЗ увядуць эмбарга на імпарт іранскай нафты. Тэгеран ужо папярэджваў, што ў гэтым выпадку можа перакрыць стратэгічны Армускі праліў, празь які ажыцьцяўляюцца 40 адсоткаў усясьветных паставак нафты па моры. 9 студзеня Іран аб'явіў аб арышце некалькіх амэрыканскіх шпіёнаў, адзін зь якіх прысуджаны да сьмяротнага пакараньня.

На фоне гэтага абвастрэньня адносінаў з заходнім сьветам прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад 8 студзеня пачаў пяцідзённую паездку па краінах Лацінскай Амэрыкі, дзе ва ўладзе знаходзяцца лідэры, вядомыя антыамэрыканскай рыторыкай. У сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе адбыліся яго перамовы з прэзыдэнтам Уга Чавэсам, які называе Ахмадзінэжада «асабістым сябрам». Гэта ўжо пяты візыт іранскага прэзыдэнта ў Вэнэсуэлу. У размове з Чавэсам Ахмадзінэжад сказаў:

– Мы любім народы ўсяго сьвету, уключаючы і народ Злучаных Штатаў, які цяпер апынуўся пад уладай нахабных людзей!

Затым іранскі прэзыдэнт мае намер наведаць Нікарагуа, Кубу і Эквадор. ЗША заклікаюць лацінаамэрыканскія краіны не ўмацоўваць сувязі з Іранам, падкрэсьліваючы, што іранскі рэжым, які падвяргаецца ціску ўсясьветнай супольнасьці, «адчайна шукае сяброў».
XS
SM
MD
LG